Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: візіт Папы ў Марока ў імя братэрства

Умацаванне культуры сустрэчы і служэнне надзеі – два галоўныя аспекты падарожжа Папы ў Марока, заўважыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у каментары для Vatican News.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што пілігрымку ў Марока трэба разглядаць у сувязі з нядаўнім візітам Папы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У абодвух выпадках гаворка ідзе пра краіны, дзе большасць насельніцтва вызнае іслам. Францішак наведвае іх у імя братэрства і ў гэтай сферы робяцца значныя крокі наперад, дадаў ён.

Паводле кардынала Параліна, важнай тэмай падарожжа Папы ў Марока будзе міграцыйны выклік. Менавіта тут краіны-члены ААН прынялі Дамову па міграцыі. Нягледзячы на неабавязваючы характар гэтага дакумента, ён указвае на шэраг добрых практык, якія трэба ўводзіць у жыццё, зазначыў ватыканскі іерарх.

Ён таксама падкрэсліў важнасць сустрэчы Святога Айца з мясцовай каталіцкай супольнасцю. “Сам факт, што Папа едзе, каб сустрэцца з хрысціянскай супольнасцю – гэта ўжо крыніца падтрымкі, суцяшэння, асабліва калі хрысціянскую супольнасць – як у выпадку Марока, – можна назваць, карыстаючыся евангельскім выразам, “малым статкам”. Я ўпэўнены, што падчас св. Імшы, як гэта было ў Абу-Дабі, мы ўбачым вялікі энтузіязм, жывы ўдзел вернікаў. Тое самае будзе ў Марока. Гэта моманты, калі Папа ўмацоўвае, дазваляе адчуць дух супольнасці, прыналежнасці да Паўсюднага Касцёла і што можам разлічваць на падтрымку ў той сітуацыі, у якой знаходзімся. Гэта будзе заклік, каб працягваць сведчыць аб Евангеллі праз штодзённыя адносіны і ўклад на карысць краіны”, - перакананы кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Інтэрв'ю з кардыналам Пьетра Паралінам
Навіна ў фармаце аўдыё
30 сакавіка 2019, 12:02