Айцец Раньера Канталамеса падчас адарацыі крыжа Айцец Раньера Канталамеса падчас адарацыі крыжа 

Прапаведнік Папскага дома пра новы цыкл велікапосных казанняў

Прапаведнік Папскага дома ў Вялікім посце працягне цыкл казанняў, распачаты ў Адвэнце, заснаваных на словах псальма: “Мая душа прагне Бога жывога”. Натхненнем стануць думкі св. Аўгустына.

Слова, Якое стала целам, раскрывае Бога жывога. Уцелаўленне паказвае Езуса як Бога, Які аб’яўляе Сябе ў чалавецтве. Велікапосныя разважанні, першае з якіх прагучыць ужо 15 сакавіка, будуць сканцэнтраваны на самым высокім аб’яўленні Божай любові, якое адбываецца ў крыжы, патлумачыў капуцын.

Назва цыклу казанняў “Увайдзі ў сябе” паказвае на асаблівае месца і ўмову ўступлення ў кантакт з жывым Богам, Якога чалавек сустракае аб’ектыўна, напрыклад, у Эўхарыстыі і Слове Божым, але і суб’ектыўна, у сваім сэрцы. Св. Аўгустын звяртае ўвагу: калі не ўвойдзеш у сябе, цябе паглыне вонкавае, і ты не зможаш сустрэць жывога Бога, нагадаў папскі прапаведнік у інтэрв’ю Vatican News.

Уваходзячы ў сябе, заўважыў айцец Канталамеса, трэба знайсці прастору маўчання, дзе будзе магчымасць пачуць самае глыбокае жаданне сэрца. Магчыма, гэта ўдзел у набажэнстве або кароткая малітва пасля працы ў адным з касцёлаў. Бог размаўляе з намі праз сумленне ў момант рэфлексіі і адасобленасці. Чытаючы штодзённа фрагмент Бібліі, варта задумацца над тым, што кранула наша сэрца – гэта можа быць нават адно слова. Таксама слухаючы гамілію мы можам спазнаць дотык Бога.

Папскі прапаведнік адзначыў, што жывы Бог з’яўляецца супрацьлегласцю ідалапаклонства, якое не скончылася з паганствам. Сёння ідалы ўзялі сабе іншыя імёны: секс, улада, гвалт, грошы; але самым вялікім і ўніверсальным з іх з’яўляецца эгаізм. Вялікі пост – гэта час адмовы ад бажкоў і навяртання да жывога Бога.

Падобна таму, як ва Уцелаўленні мы выяўляем, што Бог становіцца чалавекам, у Крыжы мы бачым, як чалавек стаў Богам, які тып чалавека стаў Богам. Крыж займае цэнтральнае месца, бо Любоў дае сябе шляхам поўнага самаахвяравання, заўважыў прапаведнік Папскага дома напярэдадні свайго першага велікапоснага казання.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 сакавіка 2019, 12:18