Пошук

80 год абрання Пія ХІІ – Папы, які падтрымліваў беларускую мову

80 гадоў таму на пасаду Біскупа Рыма быў абраны італьянскі кардынал Эўджэніа Пачэлі – папа Пій ХІІ, 260-ы Наступнік св. Пятра. Гэта адбылося 2 сакавіка 1939 г. у першым галасаванні канклаву.

“Annuntio vobis gaudium magnum; habemus Papam...” – традыцыйнае абвяшчэнне аб абранні новага Пантыфіка суправаджалася чатырма хвалямі гучных апладысментаў соцень тысяч людзей, сабраных на плошчы св. Пятра. Пій ХІІ мужна і дбайна вёў Касцёл у складаны для свету перыяд, з 1939 г. па 1958 г.

Прыняўшы біскупскае пасвячэнне 13 мая 1917 г. – у дзень першага аб’яўлення Маці Божай у Фаціме – ён шмат разоў сустракаўся са сведкай тых падзей, с. Лусіяй Душ Сантуш, а затым, у 1940 г., канчаткова прызнаў іх сапраўднасць. 1 лістапада 1950 г. Пій ХІІ абвясціў дагмат аб Унебаўзяцці Панны Марыі.

Пантыфік быў адкрыты на сучасныя тэхналогіі, асабліва іх выкарыстанне для распаўсюджвання Евангелля. У энцыкліцы “Miranda prorsus”, прысвечанай кіно, радыё і тэлебачанню, ён назваў медыя “цудоўным тэхнічным вынаходніцтвам”.

Пій ХІІ быў руплівым абаронцам сям’і і чалавечага жыцця, а таксама суровым да хрысціян, якія вызнавалі “камуністычнае вучэнне”, бо ведаў наколькі небяспечнымі з’яўляюцца яго наступствы для грамадства і чалавека.

Прозвішча Папы – Пачэлі, у корані якога знаходзіцца слова “pace” – “мір”, пэўным чынам вызначыла адзін з галоўных аспектаў яго пантыфікату, на час якога прыйшоўся складаны перыяд Другой сусветнай вайны. Менавіта яму належаць знакамітыя словы: “Нішто не згублена з мірам, але можна згубіць усё з вайной”.

У шырокім сэрцы Пія ХІІ знайшлося месца таксама для беларусаў. У 1949 г. ён удзяліў благаслаўленне беларускаму народу, якое пераказаў праз аднаго прадстаўнікоў беларускай каталіцкай эміграцыі. Менавіта падчас Пантыфікату Пія ХІІ беларуская мова атрымала “найвышэйшае прызнанне”, калі стала адной з моў вяшчання Ватыканскага радыё. Папа падтрымліваў душпастырства беларускіх вернікаў за мяжой, адкрыццё беларускіх душпастырскіх цэнтраў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і Германіі, выданне малітоўнікаў, Евангелля і каталіцкага перыядычнага друку на беларускай мове.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 сакавіка 2019, 13:05