Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардыналы-дакладчыкі пра прычыны і наступствы крызісу ў Касцёле

Сексуальны гвалт у дачыненні да непаўналетніх наносіць раны не толькі ахвярам, але і іх сям’ям, духавенству, Касцёлу, грамадству, самім злачынцам і біскупам, было падкрэслена на ватыканскім саміце.

Такое меркаванне выказаў кардынал Луіс Антоніа Тагле з Філіпін, адзін з трох вызначаных Папам дакладчыкаў першага дня сустрэчы па абароне непаўналетніх.

“Мы не можам казаць, што верым, і заплюшчваць вочы на пакуты людзей, якіх выкарысталі”, - з горыччу сказаў іерарх. Ён заклікаў біскупаў, прыняць на сябе “асабістую адказнасць за вылячэнне ран Хрыстовага цела” і папрасіў аўдыторыю ватыканскага саміту ўсталяваць кантакт з вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, каб “дапамагчы ім зазірнуць праўдзе ў вочы”.

Іерарх таксама перасцярог ад спакусы выбіраць “паміж ахвярай і злачынцам”, дадаўшы, што дапамагаць трэба абодвум. Ён выказаў упэўненасць у тым, што выхадам з сітуацыі з’яўляецца “настойлівае выпраўленне канкрэтнай памылкі”, каб “ісці разам да ахвяр, цярпліва і сістэматычна просячы іх дараваць, ведаючы, што гэты дар можа вылечыць самым лепшым чынам”.

У сваю чаргу, другі дакладчык, арцыбіскуп Чарльз Шыклуна, дапаможны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння, які на працягу многіх гадоў займаецца тэмай злоўжыванняў, у сваёй прамове падкрэсліў канкрэтныя абавязацельствы біскупаў у барацьбе з сексуальнай эксплуатацыяй непаўналетніх. На думку іерарха, тое, як біскуп здзяйсняе “служэнне правасуддзя” ў сваёй супольнасці – з’яўляецца фундаментальнай праверкай яго адказнасці і вернасці.

Арцыбіскуп Мальты спыніўся на практычных рэкамендацыях для розных этапаў працэдуры барацьбы з злоўжываннямі і нагадаў, у прыватнасці, што ў такіх выпадках варта пазбягаць непатрэбных затрымак. Ён падкрэсліў неабходнасць цеснага супрацоўніцтва біскупаў і настаяцеляў з спецыялістамі ў галіне права, псіхалогіі і духоўнасці. Ахвяры павінны ведаць, што іх правы будуць выконвацца, і Касцёл хоча пакараць вінаватага. Ён нагадаў, што адным з важных элементаў з’яўляецца асабістая сустрэча біскупа з ахвярай.

Іерарх заўважыў, што для стварэння “культуры прафілактыкі” неабходная празрыстасць і дакладнае і эфектыўнае ўзаемадзеянне, а таксама бесперапынная фармацыя. “Адукацыя адносна злоўжыванняў” павінна быць неад’емнай часткай фармацыі ў семінарыях і кляштарах. Асноўным выклікам з’яўляецца допуск да святарства выключна адпаведных кандыдатаў, нават ва ўмовах зніжэння колькасці пакліканняў. Таксама адным з аспектаў сумеснай адказнасці ў галіне прафілактыкі з’яўляецца правільны падбор кандыдатаў на біскупаў.

“Пратаколы абароны павінны быць шырока даступныя і сфармуляваныя зразумелым і ясным чынам. Ахвяры павінны ведаць, што мы іх сябры, і бачыць у нас гарантаў бяспекі сваёй і дзяцей”

, - падкрэсліў арцыбіскуп Шыклуна.

У аснове злоўжыванняў і злачынстваў ляжаць не толькі “сексуальныя ненармальнасць і паталогіі”, але і клерыкалізм, гэта значыць “няправільнае разуменне сутнасці святарскага служэння ў якасці інструмента для навязвання ўлады, ламання сумлення і цела самых слабых”, - адзначыў трэці дакладчык першага дня саміту, кардынал Рубэн Салазар Гомес. Іерарх перакананы, што клерыкалізм трэба выкрываць самым глыбокім чынам і намагацца змены мыслення, што ў тэалагічным сэнсе азначае навяртанне.

Арцыбіскуп Багаты адзначыў, што ў мінулым выпадкі злоўжыванняў ігнараваліся пастырамі Касцёла па-рознаму: яны проста не паведамлялі аб іх, не слухалі ахвяр, не звярталі ўвагі на шкоду, нанесеную злачынствамі, проста перамяшчалі абвінавачаных у іншыя месцы, дзе тыя працягвалі здзяйсняць злачынствы, нават рабіліся спробы купіць маўчанне грашыма.

Іерарх згадаў выпадкі, калі меры не ўлічвалі дабра супольнасці і засноўваліся на сляпым даверы юрыстам, псіхіятрам і рознага тыпу спецыялістам, грэбуючы глыбокім пачуццём спагады і міласэрнасці да ахвяр. І ўсё гэта рабілася толькі для таго, каб не прызнаць факту жудаснай рэчаіснасці, якая выцякае з выпадкаў сексуальнага выкарыстання.

Арцыбіскуп раскрытыкаваў падыход, паводле якога “Касцёл не з’яўляецца і не павінен быць прадметам грамадзянскіх уладаў, як іншыя грамадзяне”. “Мы павінны прызнаць гэты крызіс ва ўсёй яго глыбіні, прызнаць, што шкода была нанесена не звонку, а што першыя ворагі знаходзяцца ўнутры, сярод біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, што мы не апраўдалі свайго паклікання”, - лічыць іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лютага 2019, 13:14