Пошук

Vatican News
Алесандра Джызоці, в.а. кіраўніка Залы Друку Алесандра Джызоці, в.а. кіраўніка Залы Друку  (AFP or licensors)

Святы Пасад пра справу кардынала Пэла: балючая навіна

“Балючай навіной”, якая “патрэсла многіх людзей, і не толькі ў Аўстраліі”, назвала Зала Друку Святога Пасаду паведамленне аб прызнанні віны кардынала Джорджа Пэла судом першай інстанцыі.

У спецыяльнай заяве гаворыцца аб “максімальнай павазе” да аўстралійскіх судовых органаў і чаканні вынікаў апеляцыйнага працэсу, з улікам таго, што кардынал Пэл настойвае на сваёй невінаватасці і не страціў права абараняцца.

“У чаканні канчатковага рашэння, мы яднаемся з аўстралійскімі біскупамі ў малітве за ўсіх ахвяр злоўжыванняў, а таксама пацвярджаем нашу гатоўнасць рабіць усё магчымае, каб Касцёл мог быць бяспечным домам для ўсіх, асабліва для дзяцей і найбольш уразлівых асоб”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Кіраўнік Залы Друку Алесандра Джызоці нагадаў, што ў чаканні канчатковай ацэнкі фактаў, кардыналу Джорджу Пэлу забаронена ажыццяўляць публічнае служэнне і мець кантакт з непаўналетнімі.

11 снежня 2018 г. Суд прысяжных аўстралійскага штата Вікторыя адзінагалосна прызнаў 77-гадовага прэфекта Сакратарыяту па эканамічных пытаннях вінаватым у гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару ў адносінах да двух непаўналетніх асоб. Падзеі тычацца 1990-х гг., калі ён быў дапаможным біскупам Мельбурнскай архідыяцэзіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лютага 2019, 14:06