Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сустрэча па абароне непаўналетніх: не першы крок, а чарговы этап

Сустрэча на тэму “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, якая пройдзе ў Ватыкане 21-24 лютага 2019 г., гэта не першы крок у барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі, але чарговы этап у гэтым працэсе.

Адным з першых епіскапатаў, які пачаў выдаваць спецыяльныя дырэктывы, адносна прадухілення сексуальнага насілля над непаўналетнімі, быў епіскапат Канады. Гэтыя дакументы датуюцца 1987 г. Праз два гады ў Касцёле ў гэтай паўночнаамерыканскай краіне быў створаны адмысловы Камітэт, якім быў падрыхтаваны дакумент пад назвай “Ад пакут да надзеі”. У ім утрымліваліся 50 рэкамендацый адносна фармацыі духавенства.

Епіскапат ЗША афіцыйна пачаў займацца справамі сексуальнага насілля ў 1992. Ім былі распрацаваны “пяць прынцыпаў”, якіх прадугледжвалі, пры існаванні грунтоўных доказаў віны падазраванага ў злоўжываннях, між іншым, яго неадкладнае адхіленне ад святарскага служэння, правядзенне адпаведнага судовага працэсу, медыцынскае ўмяшанне.

Нягледзячы на прынятыя меры, у наступныя гады мела месца распаўсюджванне феномену і факты неналежнай барацьбы з ім, што было выкрыта ў знакамітым журналісцкім расследаванні газеты “The Boston Globe” у 2002 г. У красавіку гэтага году Ян Павел ІІ выклікаў амерыканскіх кардыналаў на тэрміновую сустрэчу ў Ватыкан.

У Ірландыі ў 1994 г. быў створаны Кансультацыйны камітэт пры епіскапаце па пытаннях сексуальнага насілля над дзецьмі з боку святароў і законнікаў, які падрыхтаваў спецыяльную справаздачу, прысвечаную сітуацыі з гэтай праблемай у мясцовым Касцёле.

Першая інструкцыя, адносна барацьбы з сексуальным насіллем на дыяцэзіяльным узроўні, была распрацавана ў снежні 1996 г. у Аўстраліі. Яна была ўхвалена ўсімі дыяцэзіямі краіны і ўвайшла ў сілу ў сакавіку наступнага году.

Моцны імпульс барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі духавенства ў Касцёле даў кардынал Ёзэф Ратцынгер. Па яго ініцыятыве было здзейснена глыбокае абнаўленне кананічных норм, накіраваных на барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі. Яны былі аднесены да “самых цяжкіх злачынстваў”, разгляд якіх падлягае кампентэнцыі Кангрэгацыі Веравучэння.

У 2010 г. Бэнэдыкт XVI ініцыяваў выданне “Норм адносна самых цяжкіх злачынстваў”, якія прадугледжвалі паскарэнне працэдур, якія тычацца расследавання і пакарання вінаватых, павялічэнне з 10 да 20 гадоў тэрміну даўнасці злачынства, а таксама ўводзілі ў ватыканскае заканадаўства злачынства “дзіцячая парнаграфія”.

У тым жа годзе, пасля публікацыі ў Ірландыі справаздачы ўрадавай камісіі па расследаванні сексуальных злачынстваў духавенства і бяздзейнасці мясцовых касцёльных уладаў, Бэнэдыкт XVI выклікаў на спецыяльную нараду ў Ватыкан усіх ірландскіх біскупаў, звярнуўся да католікаў гэтай краіны з Пастырскім лістом і абвесціў аб намеры здзейсніць Апостальскі візіт у Ірландыю.

Пачынаючы з 2008 г. Бэнэдыкт XVI рэгулярна сустракаўся з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў духавенства. Падобныя сустрэчы праходзілі падчас яго Апостальскіх падарожжаў у ЗША, Аўстралію, Вялікабрытанію, Мальту і Германію. Папа Францішак працягвае прымаць ахвяр насілля ў ватыканскім Доме св. Марты.

Важным этапам у барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі стала распараджэнне Кангрэгацыі Веравучэння, выдадзенае ў сакавіку 2011 г., у якім утрымліваўся заклік да мясцовых епіскапатаў, каб распрацавалі “Кіруючыя прынцыпы” для супрацьдзеяння сексуальнаму насіллю ў касцёльных структурах і дапамогі ахвярам. У дакуменце падкрэслівалася, што адказнасць за высвятленне выпадкаў сексуальных злоўжыванняў духавенства у адносінах да непаўналетніх у першую чаргу ляжыць на дыяцэзіяльным біскупе.

Каб дапамагчы епіскапатам адпаведна падрыхтаваць “Кіруючыя прынцыпы”, у лютым 2012 г. у Папскім грыгарыянскім універсітэце прайшоў сімпозіум на тэму: “У кірунку аздараўлення і абнаўлення”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 110 Канферэнцый Біскупаў і Генеральныя настаяцелі 35 манаскіх супольнасцей. Падчас форума было абвешчана аб стварэнні Цэнтра па пытаннях абароны непаўналетніх, мэта якога заключаецца ў падтрыхтоўцы персанала, кампетэнтнага ў прадухіленні злоўжыванняў.

У снежні 2013 г. Францішак заснаваў Камісію па абароне непаўналетніх, першымі плёнамі якой стала распрацоўка прыкладу “Кіруючых прынцыпаў” для барацьбы са злоўжываннямі, правядзенне фармацыйных курсаў для новапрызначаных біскупаў, абвяшчэнне Дня малітвы за ахвяр злоўжыванняў. У Папскім грыгарыянскім універсітэце быў уведзены адмысловы акадэмічны курс.

У лістападзе 2014 г. Папа ўстанавіў у рамках Кангрэгацыі Веравучэння спецыяльную Калегію з кардыналаў і біскупаў, мэтай якой было расследаванне асабліва цяжкіх кананічных злачынстваў, якія былі здзейнены супраць маралі або адносяцца да надужыванняў у здзяйсненні сакрамэнтаў.

Апостальскім лістом “Come una madre amorevole”, які Францішак выдаў у чэрвені 2016 г. у форме “motu propio”, было абвешчана, што біскупы, якія нядбайна ставяцца да высвятлення выпадкаў сексуальнага насілля над дзецьмі, будуць вызваляцца ад пасады.

У сувязі з расследаваннем злоўжыванняў чылійскага святара Фэрнанда Карадзімы, у 2018 г. Францішак скіраваў ліст да біскупаў гэтай лацінаамерыканскай краіны, запрасіўшы іх прыбыць у Рым на спецыяльную нараду. Па завяршэнні сустрэчы ўсе чылійскія іерархі склалі просьбу аб адстаўцы. Некаторыя з іх Папа прыняў.

У гэтым кантэксце Святы Айцец скіраваў “Ліст да Божага народу, які пілігрымуе ў Чылі”, а таксама “Ліст да Божага народу”, адрасаваны ўсім католікам свету.

Пантыфік моцна выказаўся пра нядбайнае стаўленне Касцёла да выпадкаў злоўжыванняў падчас свайго візіту ў Ірландыю, у жніўні 2018 г., а таксама нагадаў аб вялікім уроне, які злоўжыванні нанеслі даверу да Касцёла, у сваім лісце да епіскапату ЗША, скіраваным у студзені 2019 г.

Паводле Святога Айца, для перамогі над выклікам злоўжыванняў патрэбна абнаўленне не толькі арганізацыйнага характару, але таксама “навяртанне нашага розуму, спосабу малітву, распараджэння ўладай і грашыма, карыстання аўтарытэтам”.
 

18 лютага 2019, 13:04