Пошук

Vatican News
Айцец Бэрнарда Джані, настаяцель бэнэдыктынскага абацтва ў Фларэнцыі Айцец Бэрнарда Джані, настаяцель бэнэдыктынскага абацтва ў Фларэнцыі 

Рэкалекцыі для Папы правядзе бэнэдыктынскі абат

Велікапосныя рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў дыкастэрый Рымскай курыі правядзе настаяцель бэнэдыктынскага абацтва Сан-Мініята-Аль-Монтэ ў Фларэнцыі, айцец Бэрнарда Франчэска Марыя Джані.

Духоўныя практыкаванні на тэму “Горад з палкімі жаданнямі. Пасхальныя погляды і жэсты ў жыцці свету” пройдуць 10-15 сакавіка 2019 г. у рэкалекцыйным цэнтры “Дом Боскага Настаўніка” (Casa del Divin Maestro) ў Арычы, недалёка ад Рыма.

50-гадовы айцец Бэрнарда Джані – вядомы італьянскі рэлігійны, навуковы і культурны дзеяч. У 2009 г. стаў прыёрам старажытнага фларэнтыйскага бэнэдыктынскага абацтва, а ў 2015 г. – яго абатам. З’яўляецца членам Бэнэдынскага цэнтра гістарычных даследаванняў, уваходзіць у рэдакцыйную калегію бэнэдыктынскага часопіса “L’Ulivo”.

У 2015 г. прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы агульнаітальянскага касцёльнага кангрэсу, які праходзіў у Фларэнцыі. З удзельнікамі гэтага форума сустракаўся Святы Айцец.

У студзені 2019 г. Папа асабіста патэлефанаваў айцу Бэрнарда і запрасіў правесці рэкалекцыі для яго і кіраўніцтва Рымскай курыі. Францішак патлумачыў сваё запрашэнне жаданнем пачуць разважанні, падрыхтаваныя менавіта манахам.

Падчас рэкалекцый прагучаць дзесяць медытацый па матывах верша “Siamo qui per questo” (Мы тут для гэтага) фларэнтыйскага паэта Марыё Луцы, напісанага ў 1977 г. і прысвечанага абацтву Сан-Мініята-Аль-Монтэ.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 лютага 2019, 10:49