Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік моліцца за ахвяр гандлю людзьмі

8 лютага, у літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі.

Папа глыбока ўключаны ў барацьбу супраць феномена сучаснага рабства ў яго разнастайных формах, падкрэсліў кс. Фрэдэрык Фарнос, дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, падчас прэзентацыі Дня малітвы і рэфлексіі, якая прайшла 7 лютага 2019 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Святар нагадаў, што Пантыфік маліўся за ахвяр гандляроў людзьмі і адказных за гэту ганебную з’яву падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”, 20 студзеня 2019 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. “Гэта драма, якую ён здаўна носіць у сэрцы і малітве”, - дадаў езуіт.

Кс. Фарнос распавёў, што пасля падарожжа ў Ірландыю, у ліпені 2018 г., Святы Айцец звярнуўся да Сусветнай сеткі з просьбай прысвяціць асобны месяц малітве за людзей, якія жывуць ва ўмовах рабства.

“Перад абліччам гэтай чалавечай трагедыі, перад абліччам цяжкіх пакут, бездапаможнасці і трывогі мужчын, жанчын і дзяцей – ахвяр гандлю людзьмі і рабства, часта ў кантэксце міграцыі, – гэта крык, які зыходзіць з сэрца, гэта крык малітвы да Пана. Для Папы яны не проста лічбы, але абліччы, канкрэтныя гісторыі, нашы браты і сёстры ў чалавецтве. Мы не можам маўчаць, калі не хочам прадаць сваю душу д’яблу”, - падкрэсліў святар.

Кс. Фарнос нагадаў, што Сусветная сетка малітвы стварыла відэа-ролік, прымеркаваны да месяца малітвы за ахвяр гандлю людзьмі, у якім Папа кажа: “Сутыкнуўшыся з гэтай трагічнай рэальнасцю, ніхто не можа ўмыць рукі, калі не хоча быць, у пэўным сэнсе, саўдзельнікам гэтага злачынства супраць чалавецтва”.

Відэа-ролік Сусветнай сеткі малітвы

Спасылаючыся на “Душпастырскія ўказанні адносна гандлю людзьмі”, падрыхтаваныя Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Фарнос звярнуў увагу на важнасць пашырэння інфармацыі аб праблеме гандлю людзьмі. “Гэта трагедыя не можа ігнаравацца”, - дадаў ён.

Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі адзначаецца штогадова па ініцыятыве Францішка. Датай гэтага дня быў выбраны літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты – афрыканскай нявольніцы, якая здолела ўцячы на свабоду і стаць каталіцкай законніцай.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лютага 2019, 10:22