Пошук

Vatican News
Журналісты падчас прэзентацыі нарады Журналісты падчас прэзентацыі нарады  (Vatican Media)

Ватыкан: прадстаўлена праграма сустрэчы па абароне непаўналетніх

Каля 190 чалавек прыме ўдзел у сустрэчы старшынь епіскапатаў на тэму “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, якая пройдзе 21-24 лютага 2019 г. 18 лютага ў Ватыкане прайшла прэзентацыя гэтай падзеі.

Праца форума будзе праходзіць у Новай сінадальнай зале, якая знаходзіцца над Залай Паўла VI, а таксама ў Каралеўскай зале ватыканскага Апостальскага палацу.

Інфармацыя аб нарадзе даступна на італьянскай і англійскай мове на сайце pbc2019.org.

Сустрэча адкрыецца малітвай у Новай сінадальнай зале, якая распачнецца 21 лютага ў 9.00 па сярэднееўрапейскім часе. Тэмай першага дня форума будзе пытанне адказнасці.

Удзельнікі пасяджэння паглядзяць відэазапіс са сведчаннем ахвяры злоўжыванняў, пасля чаго слова возьме Францішак. Затым з дакладам на тэму: “Пах авечак. Пазнанне іх болю і лячэнне іх ран у цэнтры місіі пастыра”, выступіць філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле.

У 10.15 з дакладам на тэму: “Касцёл як палявы шпіталь. Прыняцце адказнасці”, да ўдзельнікаў нарады звернецца мальтыйскі арцыбіскуп Чарльз Шыклуна.

Пасля пытанняў дакладчыкам і кароткага перапынку, удзельнікі сустрэчы правядуць дыскусіі ў адзінаццаці моўных групах. Першая частка нарады завершыцца каля 12.30.

Каля 16.00 з дакладам на тэму “Касцёл у момант крызісу, вырашэнне канфліктаў, рашучая дзейнасць”, выступіць калумбійскі кардынал Рубэн Салазар Гомэс. Пасля прац у групах і прадстаўлення іх вынікаў прадугледжана малітва і сведчанне.

Падобны расклад нарада будзе мець таксама 22 лютага. З дакладамі, прысвечанымі калегіяльнасці, сінадальнасці і касцёльнаму адзінству, выступяць індыйскі кардынал Оскар Грасіяс, амерыканскі кардынал Блэз Сьюпіч і спадарыня Лінда Гізоні, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

23 лютага прагучаць даклады, прысвечаныя адкрытасці, празрыстасці, камунікацыі, якія прачытаюць нігерыйскай законніца Вераніка Апэніба, нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс і мексіканская журналістка Валянціна Алазракі. Вечарам у Каралеўскай зале Апостальскага палацу пройдзе пакутнае набажэнства. Гамілію падчас яго прамовіць арцыбіскуп Філіп Наамэ з Ганы.

У апошні дзень сустрэчы, у 9.30, у Каралеўскай зале Апостальскага палацу пройдзе св. Імша, падчас якой гамілію прамовіць арцыбіскуп Марк Бэнэдыкт Колрыдж з Аўстраліі. Сустрэча завершыцца прамовай Святога Айца.

У нарадзе, акрамя Папы і 114 старшынь епіскапатаў з розных частак свету, прымуць удзел 14 прадстаяцелей Каталіцкіх Усходніх Касцёлаў, 15 ардынарыяў, якія не належаць да біскупскіх Канферэнцый, 12 Генеральных настаяцелей мужчынскіх манаскіх супольнасцей і 10 Генеральных настаяцельніц жаночых манаскіх супольнасцей, 10 прэфектаў дыкастэрый Рымскай курыі, 4 члены Рымскай курыі, 5 членаў Рады кардыналаў, 5 арганізатараў, мадэратараў і дакладчыкаў.
 

18 лютага 2019, 15:54