Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абарона непаўналетніх у Касцёле: другі дзень форума

Няма нічога больш тэрміновага для Касцёла, чым знайсці спосаб абараніць непаўналетніх, было падкрэслена 22 лютага 2019 г., падчас брыфінгу па выніках другога дня саміту па абароне непаўналетніх.

Мадэратар нарады, кс. Фэдэрыка Ламбардзі звярнуў увагу на канструктыўную і пазітыўную атмасферу, якая пануе ў Новай сінадальнай зале. Іерархі добра ўсведамляюць сур’ёзнасць тэмы. Відавочна моцнае жаданне абмяркоўваць праблему, а таксама ўдзячнасць Святому Айцу за ўдзел у форуме.

Увага да ватыканскай сустрэчы з боку афіцыйнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН па барацьбе з гвалтам над дзецьмі сведчыць пра тое, што Касцёл можа рабіць свой унёсак у барацьбу са злоўжываннямі ва ўсім свеце, заўважыў езуіт.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, Паола Руфіні пералічыў асноўныя тэмы, якія ўздымаліся на саміце. Падкрэслівалася, што з моманту ўсведамлення Касцёлам важнасці працэдур па абароне непаўналетніх зменшылася колькасць выпадкаў злоўжыванняў. Гаварылася пра важнасць прыняцця Касцёлам адказнасці за бяспеку дзяцей, бо многія глядзяць на яго як на маральны аўтарытэт. Адзначалася, што крытыка ў адрас Касцёла сведчыць аб жаданні бачыць у ім гэты аўтарытэт. Удзельнікі асамблеі заўважалі, што сексуальныя злоўжыванні павінны прызнавацца злачынствам ва ўсіх культурных кантэкстах. Ніхто з біскупаў не павінен думаць, што зможа вырашыць праблему самастойна, гэта не ўяўляецца магчымым у глабальным свеце, казалі іерархі.

Падчас работы ў групах, падкрэслівалася, што ахвяры злоўжыванняў не павінны разглядацца як пагроза; неабходна пастаянная фармацыя семінарыстаў і святароў; семінарыі не павінны быць закрытым асяроддзем; трэба развіваць культуру слухання і бароцца з культурай замоўчвання; стварыць культуру асуджэння злачынстваў. Гаворка ішла таксама пра прэзумпцыю невінаватасці і адносіны Касцёла са СМІ.

Старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, кардынал Шон О’Мэлі падкрэсліў, што абарона дзяцей – гэта актуальны прыярытэт для Касцёла. Ён звярнуў увагу на вялікую цікавасць да ватыканскага саміту з боку СМІ, а таксама на важнасць сведчанняў ахвяр для ўсведамлення сур’ёзнасці ўрону, нанесенага гэтым асобам. Кардынал зазначыў, што многія біскупы ўпершыню сустракаліся з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства і гэта было для іх вельмі важна.

Кардынал Блэс Джозэф Сьюпіч, член Арганізацыйнага камітэта ватыканскага саміту, звярнуў увагу на важнасць канкрэтных дзеянняў на карысць абароны дзяцей. Мы можам прыняць любыя законы, але калі не будзе волі вырашаць праблемы канкрэтным чынам, вынікаў не будзе, падкрэсліў амерыканскі іерарх.

Дапаможны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Чарльз Шыклуна, у сваю чаргу, звярнуў увагу на важнасць падсправаздачнасці біскупаў адносна некарэктных паводзін духавенства. Гэта не факультатыўная, а фундаментальная справа для дабра Касцёла, падкрэсліў мальтыйскі іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лютага 2019, 15:13