Папа Францішак і кардынал Курт Кох Папа Францішак і кардынал Курт Кох 

Ватыканскі кардынал: кроў мучанікаў – зерне еднасці Цела Хрыста

Гісторыя прынесла нам шматлікія раны і падзелы, але сёння “мы павінны адшукаць адзінства, асабліва праз малітву”, зазначыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

З нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць 18-25 студзеня, ватыканскі іерарх звярнуў увагу на значныя дасягненні на экуменічным шляху. “Яны розныя, паколькі крокі, зробленыя з пратэстанцкім светам, не тыя ж, што з праваслаўным”, - заўважыў ён.

Кардынал нагадаў, што менавіта сёлета будзе адзначацца 20-годдзе падпісання Сумеснай дэкларацыі аб дактрыне апраўдання паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай Лютэранскай Федэрацыяй, да якой затым “далучыліся таксама метадысты, рэфарматы і англікане”.

“[З Праваслаўнымі Цэрквамі мы знаходзімся на шляху адносна вострага пытання, якое тычыцца адносін паміж прыматам і сінадальнасцю]”

, - сказаў старшыня Папскай рады.

Паводле кардынала, пасля Другога Ватыканскага Сабора ўсе Папы мелі “сэрцы, адкрытыя на экуменізм”. У прыватнасці, для Францішка асабліва важныя два аспекты. Першы, які ён называе “трынітарным вымярэннем”, прадугледжвае “супольны шлях, супольную малітву і супрацоўніцтва”. “Гэтыя тры рэчы вельмі важныя, бо нельга будаваць адзінства абстрактна”, - сказаў кардынал Кох.

Другі аспект – гэта “экуменізм крыві”, бо 80% людзей, якіх пераследуюць за веру – гэта паслядоўнікі Хрыста. “Хрысціяне пераследуюцца не таму што з’яўляюцца лютэранамі, англіканамі, метадыстамі, католікамі, праваслаўнымі, але таму што з’яўляюцца хрысціянамі. Кроў вялікай колькасці сучасных мучанікаў не раздзяляе, а яднае хрысціян. У старажытным Касцёле казалі, што кроў мучанікаў – гэта зерне новых хрысціян. Сёння, я перакананы, што мы можам казаць: “Кроў амаль усіх мучанікаў, шматлікіх сучасных мучанікаў – гэта зерне адзінства Цела Хрыста”, - заўважыў кардынал Кох.

Інтэрв'ю кардынала Курта Коха
Навіна ў фармаце аўдыё
21 студзеня 2019, 11:03