Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Ватыкан: цікавасць да нарады на тэму злоўжыванняў

Скліканы Францішкам форум прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый на тэму сексуальных злоўжыванняў у Касцёле спарадзіў у СМІ чаканні, параўнальныя з падрыхтоўкай да Сабору або канклаву.

Сваім бачаннем падрыхтоўчага працэсу сустрэчы, якая адбудзецца ў Ватыкане з 21 па 24 лютага 2019 г., падзяліўся кіраўнік Рэдакцыйнай дырэкцыі Дыкастэрыі па камунікацыі Андрэа Тарніелі.

На думку італьянскага ватыканіста, наяўны ажыятаж “рызыкуе адсунуць на другі план рэлігійнае значэнне сустрэчы пастыраў, старшынь Канферэнцый Біскупаў з усяго свету, якія разам з Наступнікам св. Пятра будуць разважаць на тэму злоўжыванняў”.

Тарніелі падкрэслівае ў першую чаргу “ўласцівую Каталіцкаму Касцёлу паўсюднасць, якая адлюструецца ў нарадзе”. Упершыню ў Ватыкане збяруцца разам кіраўнікі епіскапатаў з усяго свету, каб супрацьстаяць гэтай “балючай язве”. Іншымі словамі, ганебны феномен будзе прааналізаваны не ў еўрапейскай ці амерыканскай, але ў сусветнай перспектыве.

Канферэнцыя мае вельмі канкрэтную мэту – даць кожнаму яе ўдзельніку вельмі яснае разуменне таго, што трэба або не трэба рабіць у дачыненні да выпадкаў сексуальных злоўжыванняў у Касцёле ў сваёй краіны, каб з пазіцый праўды і павагі чалавечай годнасці дапамагчы ахвярам і прадухіліць выпадкі замоўчвання або паўторнага злачынства.

Тарніелі выказвае спадзяванне, што дыялог пастыраў паўсюднага Касцёла паспрыяе ўдакладненню і паляпшэнню існуючага заканадаўства ў сферы абароны непаўналетніх, хоць і прызнаў, што нават самыя прадуманыя заканадаўчыя акты не змогуць цалкам вырашыць праблему, калі змены не адбудуцца ў менталітэце і ў сэрцах людзей, адказных за іх прыняцце.

Вось чаму, упэўнены адзін з кіраўнікоў Дыкастэрыі па камунікацыі, “Францішак працягвае ўказваць на шлях навяртання. Вось чаму важна, каб кожны з удзельнікаў сустрэчы пачуў сведчанні ахвяр” і раздзяліў іх пакуты.

Журналіст цытуе Францішка, які ў перадкалядным звароце да супрацоўнікаў Рымскай курыі падкрэсліў, што нават адзін асобны выпадак сексуальнага злоўжывання – “жудаснасць”, і што лютаўскі форум у Ватыкане паспрыяе намаганням па “ператварэнні здзейсненых памылак у магчымасць” загаіць гэтую рану “на целе не толькі Касцёла, але і грамадства”.

Ватыканская канферэнцыя па праблеме абароны непаўналетніх у Касцёле адбудзецца ў Ватыкане з 21 па 24 лютага 2019 г. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з усяго свету. Адпаведнае рашэнне папа Францішак прыняў па выніках 26-й сесіі Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якая прайшла ў верасні 2018 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 студзеня 2019, 11:11