Пошук

Vatican News
Кардынал Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр Кардынал Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр 

Кангрэгацыя Веравучэння выдала дакумент на тэму гістэрэктаміі

Папа ўхваліў дактрынальны адказ Кангрэгацыі Веравучэння на маральны сумнеў, які тычыцца правамернасці гістэрэктаміі або выдалення маткі ў некаторых выпадках. Дакумент быў абнародаваны 3 студзеня 2019 г.

Падкрэсліваецца, што дактрынальнае тлумачэнне тычыцца спецыфічных выпадкаў, якія не былі разгледжаны ў папярэднім дакуменце на гэту тэму – “Адказе на сумневы адносна стварэння непраходнасці матачных труб і на іншыя пытанні” (Risposte ai dubbi proposti circa “l’isolamento uterino” ed altre questioni) ад 31 ліпеня 1993 г.

Гэты дакумент, які застаецца правамоцным, “расцэньвае выдаленне маткі (гістэрэктамію), у тым выпадку, калі яна ўяўляе сур’ёзную пагрозу для жыцця ці здароўя маці, як маральна дапушчальнае, і расцэньвае як недапушчальнае – як спосаб прамой стэрылізацыі, – выдаленне маткі і стварэнне непраходнасці матачных труб з намерам зрабіць немагчымай патэнцыйную цяжарнасць, якая можа прадстаўляць некаторую рызыку для маці”.

Сумнеў, прадстаўлены на разгляд Кангрэгацыі Веравучэння ў гэты раз, тычыцца спецыфічных сітуацый, у якіх “дзетараджэнне ў любым выпадку немагчыма”.

На пытанне: “Ці дапушчальна выдаляць матку (праводзіць гістэрэктамію), калі матка знаходзіцца ў такім незваротным стане, у якім яна больш не прыдатная для дзетараджэння, і медыцынскія эксперты з упэўненасцю заключаюць, што патэнцыйная цяжарнасць прывядзе да адвольнага выкідышу яшчэ да таго, як плод дасягне стану выжывальнасці за межамі ўлоння?”, Кангрэгацыя Веравучэння адказвае: “Так, таму што гаворка не ідзе пра стэрылізацыю”.

У тлумачальным тэксце падкрэсліваецца, што асноўным элементам для падобнага рашэння з’яўляецца “ўпэўненае заключэнне медыцынскіх экспертаў аб тым, што патэнцыйная цяжарнасць адвольна перапыніцца да таго, як плод дасягне стану выжывальнасці за межамі ўлоння”. Такім чынам, справа не ў большых ці меншых рызыках, але ў няздольнасці пары да дзетараджэння.

Стэрылізацыя, якая з’яўляецца маральна недапушчальнай, заключаецца ў “перашкодзе функцыі рэпрадуктыўных органаў”, гэта значыць у “адказе ад дзетараджэння”. У выпадку, які разглядаецца Кангрэгацыяй Веравучэння, рэпрадуктыўныя органы не ў стане “завахаваць зачатае стварэнне”. “Мэта пракрэатыўнага працэсу, - сцвярджаецца ў дакуменце, - заключаецца ў тым, каб нарадзіць на свет дзіця, а ў дадзеным выпадку нараджэнне жывога плода біялагічна немагчыма. Таму мы знаходзімся перад абліччам ўжо не рызыкоўнага ці недасканалага функцыянавання рэпрадуктыўных органаў, але перад абліччам сітуацыі, у якой адзіная мэта нараджэння жывога патомства недасягальная”. “Выдаленне рэпрадуктыўнага апарата, няздольнага давесці да канца цяжарнасць, такім чынам, не можа быць расцэнена як прамая стэрылізацыя, якая застаецца па сваёй прыродзе недапушчальнай як мэта і сродак”, - гаворыцца ў дакуменце Кангрэгацыі Веравучэння.

Удакладняецца таксама, што дакумент не сцвярджае, нібыта ва ўзгаданых выпадках гістэрэктамія з’яўляецца найлепшым шляхам, але кажа толькі пра тое, што пры вышэйузгаданых ўмовах, гэта маральна прымальнае рашэнне. Аднак, яно не выключае іншых шляхоў, такіх як поўнае ўстрыманне і метады распазнання плоднасці. “Сужонкам, у дыялогу з урачамі і духоўным кіраўніком, належыць выбраць свой шлях, прыкладаючы да свайго выпадку і да сваіх абставінаў звычайныя крытэрыі паступовасці ўрачэбнага ўмяшальніцтва”.

10 снежня 2018 г. Францішак ухваліў дадзены адказ і падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кардынала Франсіска Ладарыі Фэрэра, распарадзіўся яго абнародаваць.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 студзеня 2019, 13:50