Пошук

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад: мір на Блізкім Усходзе, як уразлівая кветка

Мір на Блізкім Усходзе нібыта ўразлівая кветка, якая намагаецца прарасці сярод камянёў насілля, нагадаў словы Францішка з паслання на Сусветны дзень міру арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН у Нью-Ёрку прыняў удзел у дэбатах, прысвечаных сітуацыі на Блізкім Усходзе. Яны прайшлі ў Радзе Бяспекі.

“Мы ведаем наколькі ўразлівым з’яўляецца мір” паміж Ізраілем і Палестынай і “наколькі яго кволаму існаванню пагражае шкодная рыторыка, правакацыі і напады, парушэнне правоў чалавека і аднабаковыя дзеянні, якія перашкаджаюць намаганням, накіраваным на вырашэнне сітуацыі, несучы невымоўныя пакуты і смерць нявіннага і безабароннага мірнага насельніцтва”, сказаў арцыбіскуп Ауса.

Дыпламат ад імя Апостальскай Сталіцы звярнуўся да ізраільскіх і палестынскіх уладаў з заклікам аднавіць дыялог і мірны працэс, паклаўшы канец канфлікту, што на працягу больш чым сямідзесяці гадоў разрывае рэгіён. Святая Зямля – гэта не толькі дом ізраільскага і палестынскага народаў. Яна мае вялікую гістарычную і культурную важнасць для ўсяго свету і з’яўляецца духоўным домам для трох монатэістычных рэлігій: юдаізму, хрысціянства і ісламу, нагадаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на рызыку ператварэння тэрытарыяльнага і палітычнага канфлікту ў Святой Зямлі ў канфлікт рэлігій і ідэнтычнасці. Ён заклікаў палітычных лідараў не дапусціць гэтага, адказна ажыццяўляючы ўладу, ствараючы ўмовы для адкрытага і шчырага дыялогу, дзякуючы якому магчыма пабудаваць сапраўдны і трывалы мір.

Каментуючы цяжкую гуманітарную сітуацыю ў Сектары Газа, арцыбіскуп Ауса заклікаў міжнародную супольнасць працягваць аказваць фінансавую дапамогу палестынскім бежанцам, пакуль сітуацыя не будзе вырашана. Ён таксама выказаў падзяку ад імя Пантыфіка ўладам і народам Лівана і Іарданіі за дапамогу ахвярам канфлікту ў рэгіёне.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 студзеня 2019, 14:18