Cerca

Vatican News
Спартсмены каманды Athletica Vaticana Спартсмены каманды Athletica Vaticana  (ANSA)

Святы Пасад прадставіў сваю афіцыйную каманду па лёгкай атлетыцы

Святы Пасад прадставіў сваю афіцыйную каманду па лёгкай атлетыцы. Прэзентацыя прайшла 10 студзеня 2019 г. у Зале Друку. Першыя спаборніцтвы для Athletica Vaticana пройдуць ужо праз некалькі дзён.

Па дамове з Алімпійскім камітэтам Італіі, каманда стала часткай італьянскай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Гэта дае доступ да ўдзелу ў афіцыйных спаборніцтвах, медыцынскага і трэнерскага рэсурсаў. У бліжэйшых планах у лёгкаатлетаў удзел у Гульнях малых дзяржаў Еўропы і ў Міжземнаморскіх гульнях.

Зараз у каманду ўваходзяць каля 60 чалавек, сярод якіх святары, гвардзейцы, адміністрацыйныя работнікі, у тым ліку 62-гадовы супрацоўнік Апостальскай бібліятэкі. На прэзентацыі яны прысутнічалі ў цёмна-сініх спартыўных касцюмах з гербам Святога Пасаду.

Каманда створана ў рамках агульнай палітыкі Святога Пасаду па прасоўванні спорту як спосабу дыялогу і шляху да дасягнення міру і салідарнасці. Галоўным яе прыярытэтам будзе ўдзел у спаборніцтвах, якія маюць культурнае і сімвалічнае значэнне, а не дасягненне высокіх вынікаў.

Старшыня каманды, мансеньёр Мельхіёр Санчэс дэ Тока-і-Аламеда, з Папскай рады па культуры, адзначыў, што ў Ватыкане заўсёды марылі ўбачыць сцяг Святога Пасаду на адкрыцці Алімпійскіх Гульняў.

У будучыні ватыканская зборная плануе ўступіць у Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ).

Навіна ў фармаце аўдыё
12 студзеня 2019, 11:14