Cerca

Vatican News
Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі 

Папскае “міністэрства міласэрнасці” дапамагае пакутуючым ад маразоў

У сувязі з моцнымі маразамі, якія трываюць на працягу апошніх дзён у Рыме, актывізавалася дзейнасць Апостальскай элемазінарыі – ватыканскай структуры, якая ад імя Пантыфіка дапамагае бедным.

Валанцёры папскага “міністэрства міласэрнасці”, разам з яго кіраўніком, кардыналам Конрадам Краеўскім, раздалі бяздомным спальнікі, прызначаныя для нізкіх тэмператур, а таксама штодзённа забячпечваюць іх гарачымі пасілкамі і напоямі.

Паведамляецца, што была павялічана колькасць спальных месцаў у ватыканскім начным прытулку “Дар міласэрнасці”, які з 2015 г. дзейнічае ў непасрэднай блізкасці ад плошчы св. Пятра. Тут аб патрабуючых клапоцяцца сёстры з кангрэгацыі Місіянерак Любові, манаскай супольнасці, заснаванай Маці Тэрэзай з Калькуты.

Бедныя могуць знайсці прытулак ў ватыканскіх дабрачынных структурах у розных частках Вечнага горада. Напрыклад, пры касцёле св. Каліста ў раёне Трастэвэры разгарнулі сваю дзейнасць валанцёры дабрачыннай экуменічнай “Супольнасці св. Эгідзія”.

5 студзеня 2019 г. Пантыфік прыняў на прыватнай аўдыенцыі кіраўніка гэтай арганізацыі, прафесара Андрэа Рыкардзі, з якім, хутчэй за ўсё, абмеркаваў і гуманітарную сітуацыю ў Рыме.

Апостальская элемазінарыя, у супрацоўніцтве з Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэнам і ветэрынарнай клінікай у Остыі, падумала таксама пра чатырохногіх сяброў бяздомных. Для іх была распрацавана спецыяльная праграма, якая прадугледжвае магчымасць агляду ў спецыялістаў у вызначаныя гадзіны.

 

05 студзеня 2019, 11:57