Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: не існуе ўмоў для візіту Папы ў Ірак

Для візіту Папы ў Ірак павінны існаваць тыя мінімальныя ўмовы, якія дазволяць здзейсніць такое падарожжа, але на дадзены момант іх не існуе, заўважыў кардынал Пьетра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу “TV 2000”, які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Сярод тэм, якія ўздымаліся: сітуацыя ў арабскім свеце, тэрарызм, абарона непаўналетніх і падарожжа іерарха ў Ірак, якое адбылося напрыканцы снежня.

“Існуе моцнае чаканне з боку ўсіх: уладаў, некаторых мусульман, якіх я меў магчымасць сустрэць і асабліва з боку хрысціянскіх супольнасцей. Яны адчуваюць патрэбу ў тым, каб прыняць Папу, каб атрымаць умацаванне ў веры і падтрымку ў сваёй сітуацыі. Дазволю сабе выказаць спадзяванне, што ўмовы для гэтага ўзнікнуць і Папа як мага хутчэй зможа адправіцца ў Ірак”, - сказаў ён.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на актуальнасць праблемы тэрарызма ў гэтай блізкаўсходняй краіне. “Падчас майго падарожжа ў Ірак у мяне склалася ўражанне, якое пацвердзілі аўтарытэтныя суразмоўцы, што яшчэ прысутнічаюць карані гэтага феномена. Трэба пастаянна ўздымаць гэту тэму, рабіць яе важнай для грамадскай думкі і сумленняў людзей, каб перамагчы гэты феномен, перамагчы не толькі з дапамогай зброі”, - дадаў ён.

Дзяржсакратар зазначыў, што гарантаванне бяспекі – вельмі важная справа, але з фундаменталізмам і радыкалізмам, якія выражаюцца ў крайняй форме тэрарызма, трэба змагацца таксама навучаючы людзей узаемнай павазе і братэрству. Ён нагадаў евангельскае вучэнне, згодна з якім усе людзі з’яўляюцца братамі, бо маюць адзінага Айца.

“[І гэта братэрства мы павінны дэманстраваць сваім жыццём. Па гэтай прычыне важна, каб гэтыя феномены былі рашуча асуджаны ўсімі рэлігійнымі ўладамі. Нельга апеляваць да Бога, як шмат разоў казаў Папа, каб выступаць супраць іншых людзей, забіваць іх і падвяргаць насіллю]”

, - падкрэсліў іерарх.

Кардынал Паралін заўважыў, што ўвага Пантыфіка да арабскага свету “абумоўлена цяжкасцямі, якія ўзнікаюць сёння ў адносінах паміж хрысціянствам і ісламам па прычыне трагічных плыняў тэрарызма і рэлігійнага фундаменталізма”.

“Перад абліччам гэтай сітуацыі, ад самага пачатку свайго пантыфіката, ён імкнецца спрыяць сустрэчы. Папа Францішак характарызуецца менавіта гэтым жаданнем спрыяць сустрэчы паміж рознымі адметнасцямі. Гэта прычына яго ўвагі, якая выражаецца ў падарожжах у арабскі свет, што адбудуцца сёлета”, - нагадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

“[Як казаў Папа, нашы адметнасці не павінны станавіцца прычынай напружання, сутыкнення і супрацьстаяння, але нагодай для супольнага супрацоўніцтва і ўзаемнага ўзбагачэння]”

, - дадаў ён.

Каментуючы сітуацыю з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, кардынал Паралін падкрэсліў, што неабходна зрабіць усё магчымае для выкаранення гэтай з’явы. “Шчыра кажучы, мы павінны прызнаць, што Касцёл зрабіў вельмі шмат для гэтага. Ён набыў прагрэсіўнае ўсведамленне праблемы, асэнсаваў урон, які быў нанесены ахвярам і спрабаваў рэагаваць. Вядома, мы з’яўляемся людзьмі і не заўсёды можам дасягнуць дасканалых вынікаў, але, я думаю, што існуе адказнасць і рашучасць”, - сказаў ён.

Чарговым важным крокам у дадзеным кірунку іерарх назваў агульнакасцёльную сустрэчу старшынь епіскапатаў, прысвечаную абароне непаўналетніх, якая пройдзе 21-24 лютага 2019 г. у Ватыкане. “Яна пацвярджае адказнасць за ахвяр, увагу да прадухілення фактаў утойвання злачынстваў, імкненне ствараць бяспечныя асяродкі. Тэмай сустрэчы, у першую чаргу, будзе абарона непаўналетніх і ўразлівых асоб”, - падкрэсліў кардынал.

Дзяржсакратар Яго Святасці нагадаў, што злачынствы зрабілі вялікую шкоду пераканаўчасці і аўтарытэту Касцёла, якія неабходна вярнуць.

“[Касцёл ужо зрабіў значныя крокі, каб вярнуць пераканаўчасць і аўтарытэт, але мы павінны працаваць яшчэ больш, каб вернікі і ахрышчаныя маглі знайсці ў Касцёле жыццядайнае асяроддзе, асяроддзе, у якім даецца сведчанне]”

”, - дадаў ён.

Скіроўваючы віншаванні з Новым годам, кардынал Паралін пажадаў усім быць здольнымі шукаць Божую волю ў сваім жыцці, нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікаюць. “Мы павінны быць здольнымі любіць, спаўняць Божую волю ў нашым асабістым жыцці, у жыцці Касцёла і свету. Калі здолеем рабіць гэта, тады знойдзем шлях радасці і шчасця, бо воля Бога – гэта шчасце і радасць для Яго дзяцей”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 студзеня 2019, 12:29