Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар маліўся з супрацоўнікамі тэхнічных служб Ватыкана

Вера – гэта сустрэча, аб якой трэба сведчыць, падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін падчас св. Імшы, якую цэлебраваў для супрацоўнікаў ватыканскіх тэхнічных служб.

Літургія прайшла 4 студзеня 2019 г. на тэрыторыі аднаго з прамысловых цэхаў у Ватыкане.

У гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што вера – гэта ў першую чаргу сустрэча, а не філасофія ці этыка. Ён нагадаў, што Езус дагэтуль працягвае крочыць па шляхах чалавека і перамяняць жыццё людзей, таму неабходна быць адкрытымі на гэту сустрэчу.

Кардынал Паралін падкрэсліў таксама важнасць будавання супольнасці Касцёла, якая заўсёды павінна быць скіравана да Пана. Касцёлу важна пазбягаць сканцэнтраванасці на сабе, якая вядзе да забыцця пра яго сапраўдную місію, сказаў іерарх.

Паводле яго слоў, сустрэча нараджаецца з патрэбы і прагі любові, што чалавек носіць у сабе. Любоў Езуса ніколі не расчаруе, а адчуваючы сябе любімымі мы будзем здольнымі станавіцца сведкамі Хрыста ў сваіх сем’ях і на месцах працы, дадаў кардынал Дзяржсакратар.

На заканчэнне св. Імшы пробашч ватыканскай парафіі св. Ганны, кс. Бруна Сільвестрыні, падзякаваў кардыналу Параліну за супольную малітву і падкрэсліў, што сярод супрацоўнікаў ватыканскіх тэхнічных служб пастаянна ўмацоўваецца сяброўства і пачуццё адказнасці за супольнасць.

 

05 студзеня 2019, 10:45