Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Чаканні Папы ад сустрэчы па абароне непаўналетніх у Касцёле

Зала Друку Святога Пасаду выдала спецыяльную заяву, у якой тлумачыць матывы і мэты ватыканскай сустрэчы старшынь епіскапатаў, скліканай Папам у сувязі з праблемай злоўжыванняў духавенства.

Лютаўская нарада па абароне непаўналетніх мае канкрэтную мэту: ўсе біскупы павінны ясна зразумець, што ім трэба рабіць для прадухілення і барацьбы з агульнасусветнай праблемай сексуальнага гвалту ў дачыненні да непаўналетніх.

Францішак перакананы, што глабальная праблема можа быць вырашана толькі з дапамогай глабальных мер. Ён хоча, каб гэта была сустрэча пастыраў, а не навуковая канферэнцыя, каб яна характарызавалася малітвай і праніклівасцю, стала сапраўднай катэхетычнай і працоўнай нарадай. Святы Айцец лічыць асноватворным, каб біскупы вярнуліся ў свае краіны і дыяцэзіі з разуменнем законаў, якія павінны прымяняцца, ініцыявалі неабходныя меры для абароны ад злоўжыванняў і па дапамозе пацярпелым, былі перакананымі, што ні адзін такога роду выпадак не можа хавацца і замоўчвацца.

Адносна высокія чаканняў, якія існуюць вакол сходу, важна падкрэсліць, што Касцёл знаходзіцца не ў пачатку барацьбы супраць злоўжыванняў. Ватыканская нарада з’яўляецца этапам цяжкага шляху, якім Касцёл з рашучасцю ідзе вось ужо пятнаццаць гадоў, падкрэсліваецца ў паведамленні Залы Друку.

Форум па абароне непаўналетніх у Касцёле будзе праходзіць у Ватыкане 21-24 лютага 2019 г. Францішак прыняў членаў арганізацыйнага камітэта пасля яго пленарнага пасяджэння, якое адбылося 10 студзеня. Святога Айца паінфармавалі пра падрыхтоўку да сустрэчы. Яна будзе ўключаць у сябе пленарныя пасяджэнні, працу ў рабочых групах, супольную малітву, сведчанні ахвяр злоўжыванняў, пакутную літургію і канчатковую Эўхарыстыю. Папа запэўніў у сваёй прысутнасці падчас усёй нарады.

Францішак даручыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, былому кіраўніку Залы Друку Святога Пасаду і цяперашняму старшыні Адміністрацыйнай рады Ватыканскага фонда “Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” весці пленарныя пасяджэнні форума.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2019, 14:08