Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад заклікае біскупаў сустрэцца з ахвярамі злоўжыванняў

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ватыканскай нарады па абароне непаўналетніх у Касцёле заклікаў старшынь епіскапатаў асабіста сустрэцца з ахвярамі злоўжыванняў духавенства.

Першым крокам павінна быць прызнанне таго, што адбылося, гаворыцца ў лісце да ўдзельнікаў сходу. Менавіта таму падпісанты заклікаюць кіраўнікоў біскупскіх канферэнцый наведаць ахвяр, якія ў іх краінах перажылі злоўжыванні з боку духавенства, каб з першых рук даведацца пра іх драму. Гучыць просьба, зрабіць гэта перад рымскім самітам. Такі жэст дапаможа перажыць лютаўскую сустрэчу ў салідарнасці, пакоры і раскаянні, каб рухацца наперад у вырашэнні крызісу злоўжыванняў. Акрамя таго, аўтары просяць іерархаў даслаць адпаведную інфармацыю, якая будзе выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі форуму.

Нарада па пытаннях абароны непаўналетніх будзе сканцэнтравана на трох асноўных тэмах: адказнасць, падсправаздачнасць і празрыстасць.

Рашэнне склікаць старшынь епіскапатаў у Ватыкан 21-24 лютага 2019 г. Францішак прыняў па выніках 26-й сесіі Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якая прайшла ў верасні.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 снежня 2018, 14:55