Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©benoît strappazon - stock.adobe.com)

Ватыканская дэлегацыя на хрысціянска-даасісцкім форуме

Хрысціяне і даасісты падзяляюць спадчыну супольных этычных каштоўнасцей, падкрэсліў сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот.

5-7 лістапада 2018 г. на чале ватыканскай дэлегацыі іерарх прымаў удзел у Другім міжнародным міжрэлігійным калёквіуме, які прайшоў у Сінгапуры на тэму “Хрысціянская і даасісцкая этыка ў дыялогу”. Па выніках форума была апублікавана супольная дэкларацыя.

У дакуменце адзначаецца, што Калёквіум паспрыяў умацаванню сяброўскіх сувязей і жадання далейшага супрацоўніцтва паміж вызнаўцаў абедзвюх рэлігій. Сцвярджаецца, што фундаментальныя этычныя прынцыпы хрысціянства і даасізму мабілізуюць да ператварэння несправядлівых сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных, рэлігійных і прававых структур.

Бакі падкрэслілі, што сучасны маральны крызіс заклікае да адкрыцця нанова паўсюдных каштоўнасцей, заснаваных на сацыяльнай справядлівасці, інтэгральнай экалогіі і годнасці чалавека на кожным этапе яго жыцця. Хрысціяне і даасісты маюць патрэбу ў паляпшэнні камунікацыі паміж сабой і са светам, каб звяртацца да яго на больш зразумелай мове.

У дэкларацыі адзначаецца, што сям’я, адукацыйныя ўстановы і рэлігійныя супольнасці павінны быць месцамі духоўнай і маральнай фармацыі, дзе сучасная моладзь можа навучыцца рабіць свет лепшым. “Мы бачылі, што міжасабовы і навуковы абмен паміж нашымі рэлігійнымі традыцыямі дазволілі працаваць разам, каб акрэсліць этычныя рамкі, неабходныя для супольнага дабра цяперашняга і будучага пакаленняў”, - гаворыцца ў дакуменце.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лістапада 2018, 14:08