Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: вучыцца на трагедыі Першай сусветнай вайны

Кроў мільёнаў загінулых у Першую сусветную вайну можа ўмацаваць і зрабіць больш плённымі намаганні на карысць культуры трывалага міру, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса ўзяў слова на завяршэнне жалобнага канцэрту ў памяць аб ахвярах Першай сусветнай вайны. Мерапрыемства прайшло 12 лістапада 2018 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку па ініцыятыве Святога Пасаду. Канцэрт быў прымеркаваны да 100-годдзя завяршэння глабальнага ваеннага канфлікту.

Спасылаючыся на словы Францішка, ватыканскі дыпламат пажадаў, каб памяць аб вайне “магла прывесці свет да глыбокага і тэрмінова важнага навяртання”, а таксама да трывалага міру. “Наша праца ў ААН на карысць прадухілення пакут вайны і спрыяння будаванню міра – гэта плён з дрэва, што вырасла на попеле Першай і Другой сусветных войнаў”, - нагадаў іерарх.

Дзевяць мільёнаў загінулых салдат і сем мільёнаў мірных жыхароў, да якіх трэба дадаць пакалечанае жыццё мільёнаў людзей – вось драматычны вынік Першай сусветнай вайны, падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.

Свет павінен вучыцца на памылках мінулага, каб будаваць культуру міра, якая фарміруецца ў тым ліку і з дапамогай музыкі, сказаў арцыбіскуп Ауса, спасылаючыся на музычныя творы, якія прагучалі падчас мемарыяльнага канцэрту.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2018, 14:28