Пошук

Эмблема ААН Эмблема ААН 

Святы Пасад у ААН: развіццё немагчыма без міра

Развіццё немагчыма без міру і мір немагчымы без развіцця, падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

У рамках 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ватыканскі дыпламат прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай міратворчым аперацыям, якія праводзяцца ў розных частках свету пад эгідай міжнароднай супольнасці.

Сёння міратворчыя місіі больш не разглядаюцца выключна як інструмент для ўстанаўлення міру пасля канфліктаў, але таксама ў якасці прэвентыўнай меры, пакліканай не дапусціць ператварэння напружанасцей у сапраўдныя канфлікты, заўважыў іерарх.

“[Калі мы хочам імкнуцца да сапраўднага чалавечага цэласнага развіцця мы павінны нястомна працаваць над прадухіленнем войнаў паміж краінамі і народамі. Для гэтага трэба забяспечыць павагу да правоў чалавека і няспынна звяртацца да перамоваў, пасярэдніцтва і арбітрату]”

, - сказаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на важнасць укладу жанчын у прадухіленне канфліктаў і ажыцяўленне мірных дамоў. Неабходна забяспечыць іх поўны ўдзел у падобных працэсах, бо жанчыны добра спрыяюць пераменам, з’яўляюцца лепшымі настаўніцамі эмпатыі і ўвагі да іншых, маюць здольнасць прабачаць і рабіць першы крок ў кірунку прымірэння, дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса падкрэсліў неабходнасць вырашэння глыбокіх прычын канфліктаў.

“[Развіццё, бяспека і правы чалавека вельмі блізка звязаны паміж сабой. Развіццё немагчыма без міру, а мір немагчымы без развіцця]”

, - дадаў іерарх

“Небяспека і такія формы несправядлівасці як няроўнасць, карупцыя, злоўжыванне ўладай і незаконныя патокі фінансаў і зброі – усё гэта з’яўляецца прычынай насілля ў грамадстве. Ніводная супольнасць не зможа расквітнець, калі будзе падзелена канфліктамі. Грамадзяне не змогуць рэалізаваць свой патэнцыял, калі будуць жыць ва ўмовах нестабільнасці і небяспекі. І наадварот, інклюзіўнае і ўстойлівае развіццё з’яўляецца не толькі самамэтай, але таксама лепшай абаронай ад пагрозы гвалтоўных канфліктаў”, - зазначыў ватыканскі дыпламат.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лістапада 2018, 09:25