Бэта версія

Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Іван Юркавіч Арцыбіскуп Іван Юркавіч 

Святы Пасад: дапамагчы бедным краінам выбрацца з даўгавой пасткі

Прыбытак з’яўляецца незаконным, калі не ўлічвае інтэгральнага развіцця, паўсюднага доступу да тавараў і прыярытэту для бедных, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні міжурадавай групы экспертаў па фінансаванні развіцця, арганізаваным Канферэнцыяй ААН па гандлю і развіццю (UNCTAD). У сваім выступленні ён нагадаў пра драматычную сітуацыю бедных краінах, якія не могуць выбрацца з “даўгавой пасткі”.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя знешні доўг краін, якія развіваюцца, вырас на 8,5% і ў 2017 г. дасягнуў 7,64 трыльёнаў долараў ЗША. Міжнародны валютны фонд адносіць іх да краін з “высокім узроўнем рызыкі”, а большая іх частка знаходзіцца ў Трапічнай Афрыцы. Доўг ляжыць на іх непасільным цяжарам і пагражае ўсёй афрыканскай эканоміцы, нагадаў іерарх.

Паводле яго, рост доўга краін, якія развіваюцца, гэта вынік “нездаровага” ядра актуальнага сусветнага эканамічнага крызісу. Святы Пасад ужо падкрэсліваў, што сучасная сістэма не адпавядае сапраўднай прыродзе эканомікі, пакліканай садзейнічаць рэальнаму сектару, дабрабыту, развіццю чалавека.

Апостальская Сталіца мае перакананасць, што ў дэбатах па фінансава-эканамічных пытаннях не могуць ігнаравацца этычныя прынцыпы, такія як свабода, справядлівасць і салідарнасць, накіраваныя на прамоцыю інтэгральнага развіцця і размяшчэнне чалавека ў цэнтры сусветнай эканамічнай сістэмы, зазначыў арцыбіскуп Юркавіч.

Паводле прадстаўніка ватыканскай дыпламатыі, неабходна падтрымліваць тыя эканамічныя стратэгіі, якія спрыяюць роўнасці паміж людзьмі і краінамі. “Прыбытак не з’яўляецца законным, калі не накіраваны на спрыянне інтэгральнаму развіццю, паўсюднаму доступу да тавараў і прыярытэтнаму стаўленню да бедных”, - дадаў ён.

Завяршаючы выступленне, прамовы Пастаянны назіральнік Святога Пасаду нагадаў словы Францішка: “Важна, каб этыка яшчэ раз выканала належную ёй ролю ў свеце фінансаў, а рынкі служылі інтарэсам народаў і супольнаму дабру чалавецтва”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лістапада 2018, 11:34