Vatican News
Устаноўка ёлкі на плошчы св. Пятра Устаноўка ёлкі на плошчы св. Пятра 

Святочная ёлка ўстаноўлена на плошчы св. Пятра

22 лістапада 2018 г. раніцай на плошчы св. Пятра ў Ватыкане з дапамогай спецыяльнага крану была ўстаноўлена 21-метровая святочная ёлка. Гэта падарунак італьянскай дыяцэзіі Канкордыя-Пардэнонэ.

Упрыгажэннем дрэва зоймуцца тэхнічныя службы Губернатарату Дзяржавы Ватыкан у супрацоўніцтве з фірмай “Osram”, якая прапануе энергазахавальную сістэму асвятлення апошняга пакалення.

Дрэва стаіць побач з яслямі Божага Нараджэння, якія сёлета будуць выкананы з пяску. Традыцыя паходзіць з італьянскага Езоло, недалёка ад Венецыі. Кампазіцыя зойме плошчу 25 квадратных метраў; яе даўжыня складзе 16 метраў, вышыня – 5 метраў, глыбіня – 6 метраў.

Цырымонія інаўгурацыі ёлкі і ясляў запланавана на 7 снежня 2018 г. Кампазіцыя застанецца на ватыканскай плошчы да 13 студзеня 2019 г., да завяршэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2018, 12:37