Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэнецца з удзельнікамі касцёльных капэл і хароў

23-25 лістапада 2018 г. у Ватыкане пройдзе ІІІ Міжнародная сустрэча касцёльных капэл і хароў. Нагодай стане літургічны ўспамін св. Цэцыліі – нябеснай апякункі касцёльнай музыкі і спеваў.

У сустрэчы, арганізаванай у супрацоўніцтве паміж Папскай радай па новай евангелізацыі і італьянскай дабрачыннай асацыяцыяй “Nova Opera Onlus”, прымуць удзел каля 8000 музыкантаў і вакалістаў з усіх кантынентаў.

У рамках форума адбудзецца сімпозіум на тэму: “Музыка ў літургіі і катэхезе на службе новай евангелізацыі”. Падчас яе з дакладамі выступяць: кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, мансеньёр Гвіда Марыні, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, святары, кампазітары, дырыжоры, музычныя эксперты пры епіскапатах. Сваім досведам і сведчаннямі падзеляцца харысты, студэнты, музыканты і ваканаўцы з Італіі, Іспаніі, Аўстрыі, ЗША, Бразіліі, Лівана, Ірака, Мексікі, Кітая, В’етнама, Турцыі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.

24 лістапада ўдзельнікаў сустрэчы прыме на аўдыенцыі папа Францішак. Вечарам гэтага дня ў ватыканскай Зале Паўла VI адбудзецца канцэрт, падчас якога калектывы з розных частак свету выканаюць творы Джавані П’ерлуіджы да Палестрыны, Вольфганга Амадэя Моцарта, Георга Фрыдрыха Гендэля, Антонія Вівальдзі і кардынала Даменіка Барталучы, шматгадовага кіраўніка хору Папскай музычнай Сікстынскай капэлы.

У апошні дзень сустрэчы, у нядзелю 25 лістапада, яе ўдзельнікі прымуць удзел у Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра і ў малітве “Анёл Панскі” з Пантыфікам.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2018, 11:13