Пошук

Сустрэча Папы з прадстаўнікамі Вялікага рабінату Ізраіля Сустрэча Папы з прадстаўнікамі Вялікага рабінату Ізраіля  

Каталіцка-юдэйскі дыялог: паважаць годнасць дзяцей

Занепакоенасць маральным і духоўным ростам дзяцей гучыць у Сумеснай заяве Дэлегацый Вялікага рабінату Ізраіля і Камісіі Святога Пасаду па рэлігійных адносінах з юдаізмам.

Дакумент быў апублікаваны па выніках XVI Пасяджэння двухбаковай камісіі, якое праходзіла 18-20 лістапада 2018 г. у Рыме. Сустрэча была прысвечана тэме “Чалавечая годнасць: вучэнне юдаізму і каталіцызму адносна дзяцей”, сугучнай Сусветнаму дню дзіцяці, які па ініцыятыве ААН святкуецца 20 лістапада.

Дэлегацыю Святога Пасаду ўзначаліў прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан. Кіраўніком ізраільскай дэлегацыі выступіў рабін Рацон Арусі.

У выніковым дакуменце за іх подпісам сцвярджаецца, што павага да годнасці дзяцей павінна выяўляцца, у прыватнасці, у гарантаванні шэрагу “стымулаў і інструментаў” для развіцця іх здольнасці разважаць і дзейнічаць, ва ўзмацненні іх пазнавальнага і практычнага патэнцыялу. Для гэтага важна забяспечваць належны клопат аб здароўі дзяцей, дбаць пра іх бяспеку, ажыццяўляць неабходную школьную і катэхетычную адукацыю, спрыяць развіццю дзіцячай крэатыўнасці.

“[Грамадства, асабліва бацькі, настаўнікі і духоўныя лідары, нясуць асаблівую адказнасць за маральны і духоўны рост дзіцяці]”

, - падкрэсліваецца ў сумеснай заяве.

Згодна з пазіцыяй дэлегатаў сустрэчы, у імкненні вырашыць супярэчнасць паміж неабходнасцю забяспечыць кожнаму дзіцяці максімальную свабоду выбару і адначасова бяспеку і дысцыплінаванае кіраўніцтва неабходна ўстрымлівацца ад любога віду “інструменталізацыі іншага чалавека, чыя годнасць павінна заўсёды разглядацца як самамэта”.

Аўтары сумеснай заявы ўзгадалі таксама аўдыенцыю ў Святога Айца Францішка і зазначылі, што ён ухваліў праект міжрэлігійнага дакумента адносна пазіцыі шэрагу канфесій па пытанні эўтаназіі і самазабойства пры ўрачэбным садзейнічанні. Гэтая пазіцыя застаецца адмоўнай, таму што ўзгаданыя з’явы супярэчаць прынцыпу павагі да чалавечага жыцця.

23 лістапада 2018, 11:53