Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар пра дыпламатыю пасля Першай сусветнай вайны

Аб выкліках ватыканскай дыпламатыі ў перыяд пасля Першай сусветнай вайны распавёў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін на канферэнцыі “Святы Пасад і католікі ў пасляваенным свеце (1918-1922)”.

Міжнародны навуковы форум прайшоў у Папскім латэранскім універсітэце і быў прымеркаванны да 100-годдзя завяршэння Першай сусветнай вайны. У сваім дакладзе бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў папярэджанне Бэнэдыкта XV, які казаў, што вайна стане “самагубствам Еўропы”. Сапраўды, у выніку канфлікту адбыўся крах чатырох імперый: Германскай, Аўстра-Венгерскай, Расійскай і Атаманскай.

У большасці еўрапейскіх краін існаваў “маўклівы антыкаталіцкі парыў і імкненне выключыць Бога і Яго Касцёл з публічнай сферы і жыцця людзей”. Але Касцёл, не аддаючы “перавагі якой-небудзь асаблівай форме дзяржавы ці грамадзянскіх інстытутаў”, бачыў сваім прыярытэтам працу на карысць павагі да чалавечай годнасці і правоў хрысціянскага сумлення.

Паводле кардынала Параліна, тады важна было пачуць крык новага свету, які нараджаўся, “моцны заклік да свабоды і фундаментальных правоў мільёнаў мужчын, якія ў мундырах вярталіся з траншэй, мільёнаў жанчын, вымушаных узяць на сябе абавязкі мужчын, што адсутнічалі”, усіх людзей, якія пакутавалі, “як арыстакратаў з гістарычнымі прозвішчамі, так і апошніх сярод апошніх”.

У гэтым кантэксце папская дыпламатыя выконвала пасярэдніцкую і міратворчую ролю, а таксама вяла “шырачэзную гуманітарную дзейнасць, якая пасля перамір’я працягвалася настолькі шчодра, што спустошыла папскую казну”. Папства набывала міжнародную ролю “маральнага аўтарытэта, які нясе прымірэнне” паміж усімі людзьмі, сказаў ён.

Перад абліччам гіпотэзы новай свабоды, а таксама магчымай тыраніі, Папа стварыў шырокую сетку дыпламатаў, пакліканых уключыцца ў новыя сцэнарыі. Праца заўсёды вялася на карысць міру, сенсібілізацыі вялікіх дзяржаў да павагі да справядлівасці і раўнапраўя ў зносінах паміж краінамі і народамі, натуральнага прынцыпу нацыянальнасці і законных памкненняў народаў да справядлівага доступу да матэрыяльных дабротаў. Усе гэтыя тэмы мелі месца ў знакамітай Мірнай ноце, якую 1 жніўня 1917 г. Бэнэдыкт XV скіраваў да дзяржаў-удзельніц вайны.

Кардынал Паралін зазначыў, што ватыканская дыпламатыя ўвайшла ў кантакт таксама з бальшавікамі і пачала перамовы на карысць захавання каталіцтва ў Савецкім Саюзе. Гэтыя перамовы не былі паспяховымі, але дазволілі распачаць “дабрачынную місію”, ратуючы мільёны жыццяў, сказаў ён.

“Гаворачы простымі арыфметычнымі тэрмінамі, у верасні 2014 г., Святы Пасад меў адносіны толькі з сямнаццацю краінамі, а ў студзені 1922 г., колькасць дыпламатычных партнёраў узрасла да дваццацісямі”, сярод якіх былі таксама Францыя і Вялікабрытанія, якія перад вайной прыпынілі адносіны з Папам. “Зноў стала відавочна, што нягледзячы на ўсе хмары на гарызонце, Пан не пераставаў дапамагаць свайму Касцёлу”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лістапада 2018, 10:28