Пошук

Бэнэдыкт XVI, Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, Папа на пенсіі  

Бэнэдыкт XVI: дыялог з юдаізмам, а не місіянерства

Юдаізм і хрысціянства – гэта “два спосабы інтэрпрытацыі Святога Пісання”, падкрэсліў Бэнэдыкт XVI у заўвазе, якую скіраваў да нямецкага каталіцкага часопіса “Herder Korrespondenz”.

Зварот Папы на пенсіі стаў адказам на артыкул тэолага Міхаэля Бонкэ, які, у вераснёўскім нумары ўзгаданага выдання, некарэктна пракаментаваў яго вучэнне аб адносінах паміж юдэямі і хрысціянамі. Спасылаючыся на адзін з нядаўніх артыкулаў Папы-эмерыта, Бонкэ, між іншым, абвінаваціў яго ў замоўчванні пакут, якія хрысціяне прычынілі юдэям.

Пантыфік на пенсіі назваў выказванні тэолага “гратэскавымі глупотамі, якія не маюць нічога супольнага” з яго словамі і “абсалютна фальшывымі інсінуацыямі”.

Бэнэдыкт XVI, акрамя тэалагічных аспектаў, закрануў таксама далікатнае пытанне аб місіянерстве сярод вызнаўцаў юдаізма або пытанне пра тое, ці павінен Касцёл абвяшчаць Добрую вестку Езуса Хрыста юдэям.

“Місіянерства сярод юдэяў не прадугледжана і нават не з’яўляецца неабходным”, - напісаў ён. Хрыстус паслаў сваіх вучняў абвяшчаць Добрую вестку ўсім народам і культурам. Таму “місійнае пасланне з’яўляецца паўсюдным, але з адным выключэннем: місіянерства сярод юдэяў не было прадугледжана і не было неабходным, проста па той прычыне, што толькі яны, сярод усіх народаў, ведалі “невядомага Бога”, - падкрэсліў Папа на пенсіі.

Бэнэдыкт XVI перакананы, што ў выпадку юдэяў гаворка ідзе не пра місіянерства, але пра дыялог адносна разумення Езуса з Назарэту: ці з’яўляецца Ён Божым Сынам, Логасам, якога чакае Ізраэль – згодна з абяцаннямі дадзенымі гэтаму народу, – і, не ўсведамляючы гэтага, усё чалавецтва? Аднаўленне гэтага дыялогу, паводле Пантыфіка на пенсіі, гэта “заданне, якое сёння ставіць перад намі сучаснасць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лістапада 2018, 15:25