Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2018 Getty Images)

Апостальская Сталіца на канферэнцыі аб сітуацыі акіянаў

Акіяны патрабуюць нашай увагі і волі да супрацоўніцтва, падкрэсліў мансеньёр Пьера Піёпа, старшыня дэлегацыі Святога Пасаду на міжнароднай канферэнцыі “Наш акіян”, якая прайшла на Балі.

“Для Апостальскай Сталіцы і Каталіцкага Касцёла пытанне акіянаў вельмі важнае”, - зазначыў ватыканскі дыпламат. У пацвярджэнне сваіх слоў ён нагадаў пра шматлікія касцёльныя ініцыятывы, звязаныя з душпастырскім клопатам аб мараках, падтрымкай развіцця рыбалавецкіх грамадстваў і абаронай іх правоў, працай на карысць мігрантаў і супольнасцей, якім пагражае павышэнне ўзроўню сусветнага акіяну, а таксама інфармаваннем людзей аб небяспеках для марской экалогіі.

Старшыня ватыканскай дэлегацыі адзначыў, што ў цяперашні час увага да праблемы акіянаў значна ўмацавалася. Прычына гэтага ў міграцыйных патоках, даследваннях і эксплуатацыі марскіх рэсурсаў, у праблемах гандлю і марскога транспарту. Святар падкрэсліў, што адносіны людзей з цудоўным і ўражваючым дарам акіянаў павінна асвячаць здаровая антрапалогія.

Адносіны да сусветнага акіяну не павінны абмяжоўвацца выключна тэхналагічнымі аспектамі і выгадай. “Небяспекі, якія пагражаюць нашым акіянам, патрабуюць мужнасці і адэкватных дзеянняў. Нярэдка прычыны такіх пагрозаў знаходзяцца на сушы: гэта небяспекі вымушанай міграцыі, злачынны гандль і забруджванне мораў, у прыватнасці, адходамі хімічнай вытворчасці і пластмасай”, - сказаў мансеньёр Піёпа.

“У кіраванні марскімі і акіянскімі рэсурсамі патрэбны адказны падыход, спрыянне развіццю самых уразлівых супольнасцей, а таксама эфектыўны кантроль за выкананнем абавязацельстваў, прынятых для абароны дабрабыту чалавецтва і біяразнастайнасці”

, - дадаў ён.

Напрыканцы свайго выступлення ватыканскі дыпламат нагадаў словы Францішка пра тое, што акіяны нагадваюць пра неабходнасць выхавання саюзніцкіх адносін паміж чалавецтвам і навакольным асяродзем. “Мы павінны вучыць моладзь клапаціцца пра акіяны, а таксама, дзе гэта магчыма, дапамагаць ёй вывучаць, паважаць, сузіраць іх абшары і веліч. Сузіранне стварэння можа стаць для нас каштоўным урокам і невычэрпнай крыніцай натхнення”, дадаў старшыня дэлегацыі Святога Пасаду.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2018, 15:39