Францішак абедае з беднымі Францішак абедае з беднымі 

3000 бедных будуць абедаць з Францішкам у Ватыкане

У нядзелю, 18 лістапада 2018 г., 3000 бедных будуць абедаць са Святым Айцом у Ватыкане. Зала Паўла VI стане вялікай сталовай. Аб гэтым паінфармавала Папская рада па новай евангелізацыі.

Дыкастэрыя каардынуе святкаванне Сусветнага дня бедных, устаноўленага Францішкам два гады таму на завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Абед з беднымі плануецца пасля нядзельнай св. Імшы, якую Пантыфік узначаліць у ватыканскай базыліцы. У Эўхарыстыі прымуць удзел 6000 бедных разам з валанцёрамі, а таксама прадстаўнікі арганізацый, якія дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Папа будзе сядзець за сталом сярод бедных. Адзначаецца, што абед будзе вельмі просты.

Папская рада па новай евангелізацыі паведаміла таксама, што ад панядзелка, 12 лістапада, з 10.00 да 22.00 на плошчы св. Пятра працуе медпункт, дзе бедным прапануюць бясплатнае лячэнне. У гэту ініцыятыву ўключылася рымская клініка “Gemelli” і многія іншыя медыцынскія ўстановы Вечнага горада. Год таму дапамогай скарысталіся 600 чалавек, у тым ліку людзі з цяжкімі хваробамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2018, 14:23