“П’ета” Мікеланджэла асветлена па сцэнарыі “Захад” “П’ета” Мікеланджэла асветлена па сцэнарыі “Захад” 

Знакамітая “П’ета” Мікеланджэла ў чатырох “сцэнарыях” ілюмінацыі

Знакамітая “П’ета” ў базыліцы св. Пятра атрымала новую ілюмінацыю. Святлодыёды, якія працуюць у чатырох “сцэнарыях”, дапамогуць лепшаму ўспрыманню пілігрымамі і турыстамі шэдэўру Мікеланджэла.

Кардынал Анджэла Камастры, старшыня “Фабрыкі св. Пятра”, ведамства, адказнага за захаванне ватыканскай базылікі, патлумачыў, што новае асвятленне, распрацаванае з навуковым падыходам, дазваляе лепш зразумець універсальную каштоўнасць твору сакральнага мастацтва. “П’ету” ён назваў “верай, высечанай з мармуру”.

У ілюмінацыі выкарыстоўваюцца кампактныя святлодыёды апошняга пакалення цёплага белага тону з вельмі высокай колераперадачай.

Чатыры “сцэнарыі” асвятлення атрымалі назву ад бакоў свету. У варыянце “Поўнач” святло факусуецца на скульптуры, у той час як падлога, столь і фон асветлены да мінімуму. “Усход” – гэта “рэжучы” прамень святла, якія падае на “П’ету” і кідае рэзкі цень. “Поўдзень” характарызуе поўнае ўключэнне ілюмінацыі, дзякуючы чаму скульптура становіцца абсалютна бліскучай і сама ператвараецца ў крыніцу святла. Сцэнарый “Захад” прызначаны для “штодзённага” ўжывання, калі твор мастацтва знаходзіцца за ахоўным шклом. Тут светлавыя прамяні перасякаюцца раўнамерна пад сіметрычнымі кутамі.

Прэзентацыйны ролік новай ілюмінацыі

“Аплакванне Хрыста” – першая і найбольш выбітная такога роду скульптура, створаная Мікеланджэла Буанароці. Яе копіі можна бачыць у многіх каталіцкіх храмах па ўсім свеце. Знакаміты твор мастацтва адлюстроўвае цела Езуса на каленях Марыі пасля распяцця. Інтэрпрэтацыя Мікеланджэла з’яўляецца беспрэцэдэнтнай, паколькі балансуе ідэалы эпохі Адраджэння – класічную прыгажосць з натуралізмам. Гэта адзіная праца скульптара, якую ён падпісаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 кастрычніка 2018, 11:36