Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

На плошчы св. Пятра ўстановяць пясочныя яслі Божага Нараджэння

Святочная ёлка і яслі, якія з нагоды Божага Нараджэння ўпрыгожаць ватыканскую плошчу св. Пятра, сёлета прыбудуць з поўначы Італіі. 7 снежня 2018 г. адбудзецца іх урачыстая інаўгурацыя.

Масіўнае дрэва, вышынёй каля 21 метра і максімальнай шырынёй па акружнасці каля 10 метраў, прывязуць з дыяцэзіі Канкордыя-Пардэнонэ, у Венецыянскай мітраполіі. Яно будзе высечана Дзяржаўным лясным корпусам правінцыі Пардэнонэ і дастаўлена ў Ватыкан.

Упрыгожванне і ілюмінацыя ёлкі будзе ажыцяўляцца ў супрацоўніцтве з фірмай “Osram” – адным з сусветных лідэраў у галіне святлотэхнічнай прадукцыі. Яна прадставіць гірлянды апошняга пакалення з высокай колераперадачай, зробленыя з увагай да экалагічнасці і эканоміі электраэнергіі.

Святочныя яслі даставяць на плошчу св. Пятра з горада Эзала, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, недалёка ад Венецыі. Яны будуць зроблены з пяску, згодна з традыцыйная мясцовай тэхнікай. Стаенка будзе займаць плошчу ў 25 квадратных метраў. Даўжыня кампазіцыі складзе 16 метраў, вышыня – 5 метраў, а глыбіня – 6 метраў.

Эзала вядома ва ўсім свеце штогадовымі фествалявамі пясочнай скульптуры. З нагоды Божага Нараджэння мясцовыя майстры звычайна ствараюць манументальныя яслі з гэтага матэрыялу. Сёлета было вырашана зрабіць такую стаенку на галоўнай ватыканскай плошчы.

Відэаролік аб стварэнні пясочнай кампазіцыі на Божае Нараджэнне ў Эзала
Навіна ў фармаце аўдыё
31 кастрычніка 2018, 09:11