Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад правядзе канферэнцыю па сітуацыі з пітной вадой

“Кіраванне супольным дабром – доступ да пітной вады для ўсіх”, – міжнародная канферэнцыя пад такой назвай пройдзе 8 лістапада 2018 г. у Папскім універсітэце “Урбаніяна”.

Форума арганізуе Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у супрацоўніцтве з пасольствамі Францыі, Італіі, Манака і ЗША пры Святым Пасадзе.

Канферэнцыя мае на мэце пацвердзіць абсалютную і тэрміновую патрэбу ва ўсеагульных намаганнях на карысць забеспячэння доступу да пітной вады для ўсіх людзей, а таксама выказаць клопат Касцёла аб асобах, пазбаўленых фундаментальных для жыцця рэсурсаў і паслуг.

У ватыканскім паведамленні аб канферэнцыі прыводзяцца словы Францішка з сёлетняга паслання на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння: “доступ да пітной і бяспечнай вады – гэта асноўнае, фундаментальнае і паўсюднае права чалавека”.

Арганізатары нагадваюць, што гарантаванне ўсеагульнага доступу да пітной вады з’яўляецца адной з мэт устойлівага развіцця, якія міжнародная супольнасць плануе дасягнуць да 2030 г., а таксама актуальным выклікам для Панамазонскага рэгіёна, якому будзе прысвечаны Сінод Біскупаў, запланаваны на кастрычнік 2019 г.

У ватыканскай канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі касцёльных структур, эксперты ў экалагічнай і сацыяльнай сферах, навукоўцы, прадстаўнікі рэлігій і міжнародных арганізацый, у тым ліку – ААН. Тэма будзе абмяркоўвацца з пункту гледжання міжнароднага права, экалогіі, аховы здароўя і развіцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 кастрычніка 2018, 11:53