Бэта версія

Cerca

Vatican News
Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох  (ANSA)

Святы Пасад каментуе раскол паміж Масквой і Канстантынопалем

Раскол паміж праваслаўнымі патрыярхатамі Масквы і Канстантынопаля, гэта – на думку афіцыйнага прадстаўніка Святога Пасаду – хоць і ўнутраны, але “сур’ёзны канфлікт”.

“Гэты крок таксама аказвае непасрэдны ўплыў на экуменічны дыялог з Каталіцкім Касцёлам”, - заўважыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву “Kathpress”. Можна дапусціць, што Руская Праваслаўная Царква не будзе ўдзельнічаць у сумесных перамовах, пакуль канфлікт не будзе вырашаны.

Ватыканскі іерарх лічыць, што гэта выключна ўнутрана праваслаўны канфлікт, і таму Каталіцкі Касцёл не каментуе гэтай справы. З іншага боку, у нейкай ступені, удзел у канфлікце адбываецца ў адпаведнасці з экуменічным прынцыпам, што “калi церпiць адзін член Цела Хрыстовага, церпяць з ім усе члены”.

Маскоўскі Патрыярхат 15 кастрычніка 2018 г. афіцыйна спыніў эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопальскім Патрыярхатам. Прычынай канфлікту стала стварэнне аўтаномнай, незалежнай ад Масквы, Праваслаўнай Царквы ва Украіне, пры падтрымцы Канстантынопаля. Царкоўныя ўлады ў Маскве разглядаюць гэта як умяшальніцтва ў іх кананічную тэрыторыю. Справу ўскладняюць і без таго няпростыя ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расіяй.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2018, 13:10