Бэта версія

Cerca

Vatican News
Кардынал Марк Уэле Кардынал Марк Уэле  (Vatican Media)

Адкрыты ліст кардынала Уэле па справе арцыбіскупа МакКарыка

Прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэле адказаў на абвінавачванні ў адрас Святога Пасаду, якія скіраваў арцыбіскуп Карла Марыя Вігано.

Былы Апостальскі нунцый у ЗША паставіў у віну Францішку і высокім іерархам Рымскай курыі адсутнасць рэакцыі на неналежныя паводзіны былога амерыканскага кардынала Тэадора МакКарыка.

У адкрытым лісце, які 7 кастрычніка 2018 г. быў абнародаваны “са згоды Папы”, кардынал Уэле адзначыў, што гэтыя абвінавачванні з’яўляюцца беспадстаўнымі. Ён патлумачыў, што немагчыма было накласці на тагачаснага кардынала МакКарыка санкцыі на падставе чутак. Калі былі сабраны дастатковыя доказы яго віны, Папа пазбавіў яго кардынальскай годнасці.

Прэфект ватыканскай Кангрэгацыі падкрэсліў, што ў пісьмовых інструкцыях, дадзеных арцыбіскупу Вігано ў 2011 г., калі ён пачынаў сваю місію ў Вашынгтоне, нічога не гаварылася пра МакКарыка, які тады ўжо некалькі гадоў знаходзіўся на пенсіі. Кардынал Уэле вусна паінфармаваў нунцыя, што МакКарыку “было рэкамендавана не падарожнічаць і не з’яўляцца публічна, каб не правакаваць чарговыя чуткі адносна яго”. Непраўдзівым з’яўляецца прадстаўленне прынятых у адносінах да яго мер, накладзеных Бэнэдыктам XVI і адмененых Францішкам, у якасці “санкцый”, зазначыў кардынал-прэфект.

Паводле ватыканскага іерарха, у архівах Кангрэгацыі па справах Біскупаў няма дакументаў, якія абавязвалі б тагачаснага кардынала МакКарыка да маўчання і непублічнага жыцця пад пагрозай кананічных кар. “Прычына гэтага ў тым, што на той час не было ў распараджэнні, у адрозненні ад сённяшняга дня, дастатковых доказаў яго меркаванай віны”, - падкрэсліў кардынал Уэле.

Ён дадаў, што МакКарыку было толькі рэкамендавана жыццё ў малітве і пакуце. Яго выпадак быў бы прадметам дысцыплінарных кар, калі б з нунцыятуры ці іншых крыніц у Кангрэгацыю прыйшла “новая і вызначальная інфармацыя аб яго паводзінах”, сцвердзіў іерарх.

Адказваючы на пытанне, як стала магчымым, што МакКарык займаў высокія касцёльныя пасады, у тым ліку стаў пастырам Вашынгтонскай архідыяцэзіі і атрымаў кардынальскую годнасць, кардынал Уэле прызнаў, што мелі месца “памылкі ў працэсе адбору” кандыдатаў. Ён патлумачыў, што рашэнні, якія прымаліся Пантыфікамі, грунтаваліся на інфармацыі, даступнай на той дзень. Акрамя таго, тагачасны кардынал МакКарык “здолеў добра абараняцца перад абліччам сумневаў, якія ўзнікалі адносна яго”.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў рашуча адмаўляе высунутыя арцыбіскупам Вігано абвінавачванні супраць папы Францішка, у тым, што ён, нібыта, “ведаючы аб усім”, утойваў “меркаванага сексуальнага агрэсара”, і таму з’яўляецца “саўдзельнікам карупцыі, якая распаўсюджваецца ў Касцёле”.

“Я не магу зразумець, як ты мог прыйсці да такога жудаснага і беспадстаўнага абвінавачвання. Францішак не меў нічога агульнага з прызначэннем МакКарыка ў Нью-Ёрк, Метачэн, Ньюарк і Вашынгтон. Ён пазбавіў яго кардынальскай годнасці, як толькі з’явіліся пераканаўчыя абвінавачванні ў сексуальным злоўжыванні адносна непаўналетняй асобы”, - напісаў кардынал Уэле, звяртаючыся да арцыбіскупа Вігано.

Ватыканскі прэфект выказаў меркаванне, што былы нунцый выкарыстоўвае скандал сексуальных злоўжыванняў у ЗША, каб нанесці “беспрэцэдэнтны і незаслужаны ўдар” па маральным аўтарытэце, якім з’яўляецца Папа.

Кардынал Уэле заклікаў арцыбіскупа Вігано не завяршаць жыццё ў “адкрытым і правакуючым мяцяжы” супраць Пантыфіка, выклікаючы варожасць да яго і наносячы “балючую рану” Касцёлу. Прэфект падкрэсліў, што сумневы адносна веры Святога Айца, якія выказваў былы дыпламат, з’яўляюцца блюзнерствам і не могуць паходзіць ад Святога Духа. Кардынал запэўніў у жаданні дапамагчы арцыбіскупу Вігано аднавіць адзінства з Папам.

“У адказ на твой несправядлівы і беспадстаўны напад, дарагі Вігано, прыходжу да высновы, што абвінавачванне супраць Папы – гэта палітычны, пазбаўлены рэальнай падставы акт, які глыбока раніць Касцёл”, - напісаў кардынал Уэле. Ён выказаў спадзяванне, што “гэта несправядлівасць хутка будзе выпраўлена”.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 кастрычніка 2018, 11:22