Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў 

Абнародаваны Выніковы дакумент Сінода Біскупаў

Моладзь мае патрэбу ў святых, каб станавіцца святой, сцвярджаецца ў Выніковым дакуменце XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

3 часткі, 12 раздзелаў, 167 параграфаў, 60 старонак – такі дакумент быў зацверджаны ўдзельнікамі Асамблеі ў ходзе галасавання, якое прайшло вечарам 27 кастрычніка 2018 г. у Сінадальным зале. Ён быў уручаны Пантыфіку, які аўтарызаваў яго абнародаванне.

Дакумент заклікае “слухаць, прымаць і суправаджаць” моладзь з пакорай, цярплівасцю і адкрытасцю. Такое стаўленне дапамагае ў дыялогу з маладымі людзьмі, пазбягаючы “падрыхтаваных загадзя адказаў і гатовых рэцэптаў”. Моладзь прагне быць выслуханай, каб яе голас успрымаўся як цікавы і карысны для грамадскай і касцёльнай сферы.

Сінод прызнае, што такое стаўленне з боку Касцёла існуе не заўсёды: часта святары і біскупы, заклапочаныя вялікай колькасцю абавязкаў, маюць цяжкасці з тым, каб знаходзіць час на слуханне моладзі. Акрамя таго, неабходна добрая падрыхтоўка свецкіх вернікаў, якія будуць здольнымі суправаджаць новыя пакаленні.

Перад абліччам такіх феноменаў як глабалізацыя і секулярызацыя, моладзь рухаецца ў напрамку адкрыцця для сябе Бога і духоўнасці, а гэта павінна быць стымулам для Касцёла. Неабходна ствараць для моладзі магчымасці для сталення ў веры і распазнання паклікання, каб магла працяглы час знаходзіцца ў аддаленні ад прывычных асяродкаў і адносін, атрымліваючы досвед братэрскага, сціплага, малітоўнага і сакрамэнтальнага жыцця.

“Мы павінны быць святымі, каб здолець запрашаць моладзь станавіцца такімі. Моладзь гучным голасам просіць аб сапраўдным, светлым, транспарэнтным і радасным Касцёле. Толькі Касцёл святых можа быць на вышыні гэтых просьбаў. Многія з іх пакінулі Касцёл, бо знайшлі ў ім не святасць, а павярхоўнасць, высакамер’е, падзелы і карупцыю”, - напісалі Сінадальныя Айцы.

Іншым адказам Касцёла на пытанні моладзі павінна стаць адукацыйная дзейнасць. Школы, універсітэты, каледжы, араторыі павінны забяспечваць цэласнае развіццё маладых людзей, адначасова даючы евангельскае сведчанне.

Таксама звяртаецца ўвага на ролю парафій, якія павінны пераасэнсаваць сваё місійнае пакліканне, бо часта яно аказваецца не вельмі істотным і дынамічным, асабліва ў катэхетычнай сферы.

У Выніковым дакуменце гаворыцца пра важнасць душпастырства мігрантаў, барацьбы са злоўжываннямі ў касцёльных структурах, ролю сям’і як “хатняга Касцёла”, у якім моладзь павінна атрымліваць рэлігійнай выхаванне. Звяртаецца ўвага на аслабленне бацькоўскай прысутнасці у сямейнай сферы і інфальтыльны лад жыцця шматлікіх дарослых.

Сінод Біскупаў заклікае да салідарнасці перад абліччам “культуры адчужэння”, у выніку якой вялікая колькасць моладзі апынаецца на ўзбочыне грамадства. Моладзь павінна мець магчымасць рэалізаваць сябе ў працы, валантарыяце, палітычнай і грамадскай дзейнасці, спорце і музыцы.

Звяртаецца ўвага на важнасць “літургічнага абнаўлення”, бо моладзь мае жаданне “жывой літургіі”, сапраўднай і радаснай, якая з’яўляецца момантам сустрэчы Бога з Яго супольнасцю. Моладзь цэніць цэлебрацыі, у якіх прыгажосць знакаў, добра падрыхтаваныя гаміліі і ўключэнне супольнасці па-сапраўднаму кажуць пра Бога. Неабходна дапамагчы моладзі адкрыць каштоўнасць эўхарыстычнай адарацыі, а таксама ўсвядоміць, што “літургія не з’яўляецца формай простага самавыражэння, але дзейнасцю Хрыста і Касцёла”.

Моладзь прагне быць актыўнай часткай касцёльнага жыцця, ставіць яму на службу свае таленты, браць на сябе адказнасць. Трэба пазбягаць “аўтарытарызма” і “патэрналізма” у адносінах да моладзі, дазваляць ёй быць актыўнай у евангелізацыі. У Выніковым дакуменце гаворыцца пра тое, што Бог прамаўляе да Касцёла і свету праз моладзь. Дзякуючы ёй Касцёл можа абнавіцца.

Падкрэсліваецца, што неабходна ўказваць моладзі шлях да сапраўднага шчасця і свабоды, якім з’яўляецца дар сябе, рэалізацыя сябе ў пакліканне да святасці, якое магчыма споўніць у розных сферах: прафесійнай, сямейнай, у манаскім ці святарскім жыцці, пастаянным дыяканаце, патэнцыял якога яшчэ неабходна напоўніцу раскрыць.

Сінод Біскупаў кажа пра заданне Касцёла суправаджаць моладзь. Адрасатамі такога суправаджэння павінны быць усе маладыя людзі, у тым ліку семінарысты, маладыя святары і законнікі, заручаныя і маладажоны. Выніковы дакумент звяртае ўвага на важнасць сакрамэнту споведзі для жыцця верай і сацыяльнага вучэння Касцёла для прафесійнай і грамадска-палітычнай дзейнасці.

Адзначаецца, што ў Касцёле неабходна ацаніць харызматы, якія дорыць Святы Дух, а таксама пазбягаць клерыкалізму, які выключае вялікую колькасць людзей з вызначальных працэсаў, і клерыкалізацыі свецкіх вернікаў, якая аслабляе місійны запал. Улада павінна разумецца як служэнне.

Выніковы дакумент Сінода заклікае да місіянерства ў лічбавай сферы, якая стала неад’емнай часткай штодзённасці моладзі. Выказваецца ідэя аб стварэнні адпаведных структур на мясцовым узроўні, якія будуць садзейнічаць пашырэнню “лічбавай культуры і евангелізацыі”, а таксама прапанова “сертыфікацыі каталіцкіх сайтаў, каб супрацьстаяць распаўсюджванню фэйкавых навін пра Касцёл”.

Сінод заклікае да большага прызнання ролі жанчын у жыцці Касцёла і грамадстве; дапамогі ў адкрыцці прыгажосці хрысціянскага погляду на сексуальнасць і чыстасць; душпастырства людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі без змены навучання Касцёла; інвеставання часу і рэсурсаў у працу з моладдзю; раскрыцця патэнцыялу Сусветных дзён моладзі, як “досведу веры і адзінства”.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2018, 10:30