Cerca

Vatican News
Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў  (ANSA)

На Сінодзе прапаноўвалі стварыць Папскую раду па справах моладзі

Прапановы абнаўлення душпастырскай дзейнасці і духоўнага суправаджэння моладзі гучалі падчас трэцяй кангрэгацыі Сінода Біскупаў, якая прайшла ў другой палове дня 4 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане.

У Сінадальным зале выступілі 20 дакладчыкаў, пасля чаго адбыліся свабодныя дэбаты паміж удзельнікамі Асамблеі. Імі падкрэслівалася, што моладзь павінна быць не толькі аб’ектам, але і суб’ектам абвяшчэння Евангелля. Неабходна, каб маладыя людзі прымалі актыўны ўдзел у місійнай дзейнасці Касцёла, а таксама грамадскім і палітычным жыцці, будучы закваскай і святлом у свеце, будаўнікамі міру і цывілізацыі любові.

Сінадальныя Айцы зазначалі, што Касцёл пакліканы стаць Маці і домам для людзей маладога ўзросту, асабліва для тых, якія паходзяць з нядобрых кантэкстаў, каб дзякуючы сустрэчы з Евангеллем сталі “вуглавым каменем” у будаванні лепшага свету.

Звярталася ўвага на небяспеку спажывальніцтва, шырока распаўсюджанага ў заходнім свеце, якое гасіць энтузіязм моладзі. Часта юнакі і дзяўчаты застаюцца дызарыентаванымі, не маюць светлых мараў і веры, у тым ліку па прычыне новых ідэалогій, сярод якіх гендэрная.

Удзельнікі Сінода Біскупаў падкрэслівалі, што важна з адвагай казаць моладзі аб прыгажосці хрысціянскага разумення сексуальнасці, без табуіравання гэтай тэмы. Трэба не пакідаць без увагі вялікае мноства людзей, у якіх не атрымліваецца жыць у чыстасці да шлюба.

Некаторыя Сінадальныя Айцы казалі пра тое, што большая частка парафіяльных супольнасцей не адпавядае чаканням моладзі, у выніку чаго яна аддаляецца ад Касцёла. Гаворка ішла пра важнасць абнаўлення душпастырскай дзейнасці, у якой трэба ўмець слухаць і адлюстроўваць любячы позірк Хрыста, а таксама размаўляць на мове моладзі, пачынаючы з “лічбавай”.

Біскупы прапановалі стварыць спецыяльную Папскую раду па справах моладзі, распачаць духоўнае абнаўленне, дапамагчы моладзі вярнуць давер да духавенства, асабліва пасля скандалаў, звязаных са злоўжываннямі. Падкрэслівалася, што Сінод Біскупаў павінен прадставіць канкрэтныя, а не абстрактныя душпастырскія прапановы.

Гаворка ішла пра важнасць катэхізацыі, літургіі, народнай пабожнасці, дзякуючы якім у часы пераследу многія хрысціяне здолелі захаваць сваю веру. Каб не трапіць у спакусу “актывізму”, неабходна нагадваць моладзі аб важнасці малітвы. Патрэбна таксама малітва ўсяго Касцёла за юнакоў і дзяўчат, асабліва ў інтэнцыі новых пакліканняў. Падкрэслівалася, што калі Касцёл не дае моладзі магчымасці для цішыні і сузірання, яна шукае гэтага ў іншых месцах.

Сінадальныя Айцы зазначалі, што трэба суправаджаць моладзь, паказваючы ёй вечныя каштоўнасці, што вядуць да сапраўднага шчасця. У сувязі з гэтым, паводле іх слоў, заўсёды актуальнымі застаюцца прыклады шматлікіх святых.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 кастрычніка 2018, 09:47