Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Сінодзе Біскупаў Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Сінодзе Біскупаў 

Арцыбіскуп Кандрусевіч на Сінодзе: моладзь патрабуе Бога

Моладзь патрабуе Бога і мудрага суправаджэння, падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі іерарх прымае ўдзел у XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіць у Ватыкане.

У інтэрв’ю для “Vatican News” Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на словы Папы, які на распачацце Сіноду заклікаў біскупаў разбурыць бар’еры, што аддзяляюць духавенства ад моладзі. Маладыя людзі з’яўляюцца часткай Касцёла, якая прагне быць выслуханай. Касцёлу нельга жыць пэўнымі душпастырскімі стэрэатыпамі, не ведаючы іх рэальнай сітуацыі, сказаў іерарх.

“[Лекар, каб лячыць хваробу, павінен абследаваць чалавека. Каб прапісаць лекі, трэба ведаць чым ён хварэе. Тое самае і тут. Трэба выслухаць маладога чалавека: чым ён жыве, якая яго ўнутраная сітуацыя]”

, - сказаў Мітрапаліт

“Сёння моладзь часта жыве ў сваім свеце: адзін захапляецца спортам, другі – тэатрам, а трэці – наркотыкамі ці мае неўпарадкаванае сексуальнае жыццё. Мы павінны быць побач з імі”, - дадаў ён.

Арцыбіскуп Кандрусевіч перакананы, што без Бога, толькі з дапамогай сацыялогіі, вырашыць праблем немагчыма. Ён заўважыў, што Касцёл у Беларусі робіць акцэнт менавіта на вертыкальным, а не гарызантальным вымярэнні. Яскравае сведчанне гэтага можна было ўбачыць падчас нядаўняга візіту Папы ў Літву, куды прыехала каля 2 тыс. пілігрымаў з Беларусі, у асноўным моладзь. Іерарх звярнуў увагу на тое, што на сустрэчы з Пантыфікам у Вільнюсе было каля паловы з іх. Большасць, аднак, адправілася ў Каўнас, бо менавіта там была св. Імша.

Арцыпастыр зазначыў, што ў Працоўным дакуменце Сінода Біскупаў слова “Эўхарыстыя” сустракаецца ўсяго два разы.

“[Гэтага мала. Эўхарыстыя для нас – найважнейшая. Нават сам Езус нагадвае: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”. У фармацыі моладзі патрэбна дапамога Бога]”

, - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Іерарх выказаў задавальненне беларускай моладдзю, яе прагненнем Бога, актыўным удзелам у пілігрымках. Ён звярнуў увагу на цяжкасці, звязаныя з невялікай колькасцю святароў, адсутнасцю належных месцаў для душпастырства моладзі, але адначасова, звярнуў увагу на існаванне добрых ініцыятыў, сярод якіх узгадаў пра моладзевую малітву ў інтэнцыі Сінода Біскупаў, якая на працягу кастрычніка праходзіць у будслаўскім санктуарыі.

“Я ведаю, што нам не пазбегнуць цяжкасцей, але жадаю, каб гэты Сінод даў стымул душпастырству моладзі. Хваля секулярызму, як вулканічная лава знішчае ўсё. Мы павінны гэтаму супрацьстаяць”, - зазначыў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 кастрычніка 2018, 10:36