Кардынал Фернанда Філоні Кардынал Фернанда Філоні 

Кардынал-прэфект пра свае чаканні ад Сінода Біскупаў

Я хацеў бы, каб гэты Сінод прапанаваў вобраз маладога чалавека, які шукае, гатовы да духоўнай і ўнутранай адкрытасці, імкнецца спасцігаць новае і не задавольваецца сфарміраванай некім рэальнасцю.

Так пракаментаваў свае чаканні ад Асамблеі прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў і ўдзельнік Сінода, кардынал Фернанда Філоні. Ён звярнуў увагу на шырокую разнастайнасць маладых людзей. Гэта адносіцца не толькі да паходжання, культуры, але і ўзросту. Тут ёсць тыя, каму 14 гадоў, і тыя, хто хутка размяняе чацвёрты дзясятак. Таму, лічыць іерарх, больш увагі павінна быць звернута на розныя выклікі, якія нараджаюцца ў выніку гэтых адрозненняў, і дынаміку жыцця, звязаную з узроставым дыяпазонам.

“І мы, і ўвесь свет, і Касцёл, але і, напрыклад, палітыкі, з увагай павінны задацца пытаннем, якую спадчыну пакінем сёння нашай моладзі. Як паўтарае Папа, маладых не можна зняволіць, яны павінны заставацца вольнымі, шукаць і ісці наперад, - сказаў кардынал. - Моладзь – гэта не статычная, але дынамічная група, таму што малады чалавек знаходзіцца ў пастаянным руху, а на працягу некалькіх гадоў стане сталым чалавекам і будзе ўносіць у жыццё канкрэтнае багацце гэтай дынамікі. Дынаміка адкрытасці маладога пакалення мае вялікаю каштоўнасць, і калі гэта стане плёнам Сінода, тым, чаго чакаем, мы апынёмся ў добрым пункце”.

Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў звярнуў увагу на той факт, што інтэграцыя моладзі ў Касцёле заўсёды была цяжкай. Гэта звязана з тым, што свет маладых людзей, сам па сабе, аддзелены ад сям’і, ад існуючага грамадства, ад Касцёла. Тым не менш, гэта тыповая стадыя юнацкіх пошукаў, што ператвараецца праз некаторы час у сталасць і мудрасць жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 кастрычніка 2018, 14:38