Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў 

#Synod2018: Папа ўручыў моладзі кампендый сацыяльнага вучэння

Пілігрымка біскупаў і моладзі дазволіла Сіноду стаць шляхам у прамым сэнсе гэтага слова, падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падчас брыфінгу, які прайшоў у Ватыкане.

Сённяшні дзень на Сінодзе Біскупаў быў прысвечаны пілігрымцы ўдзельнікаў да магілы св. Пятра, а таксама дапрацоўцы Выніковага дакумента і Ліста да моладзі свету. Наступная кангрэгацыя ў Сінадальным зале адбудзецца 26 кастрычніка.

24 кастрычніка з прапановамі адносна Выніковага дакумента XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў выступілі 82 Сінадальныя Айцы. Перад гэтым яны атрымалі праект дакумента, змест якога пакуль з’яўляецца канфідэнцыяльным. Іерархі мелі магчымасць падзяліцца сваімі меркаваннямі і перадаць свае заўвагі ў пісьмовай форме ў сакратарыят Сінода.

Падчас пасяджэння ў Сінадальным зале Францішак уручыў юнакам і дзяўчатам, аўдытарам і экспертам Асамблеі, кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла “Docat”. Адаптаванае для моладзі, выданне было падрыхтавана па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі. На яго старонках каталіцкае сацыяльнае вучэнне тлумачыцца ў форме пытанняў і адказаў.

Прадмову да “Docat” напісаў Святы Айцец. Ён пажадаў, каб мільёны маладых хрысціян самі станавіліся для сваіх аднагодак сапраўдным “сацыяльным вучэннем”, прымаючы ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці, змагаючыся за справядлівасць і правы людзей, асабліва самых бедных.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 кастрычніка 2018, 14:30