Бэта версія

Cerca

Vatican News
Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў  (Vatican Media )

Сінод Біскупаў: у цэнтры ўвагі тэма распазнання паклікання

Пакліканне нараджаецца не ў закрытай, а радаснай і місійнай супольнасці. 10-11 кастрычніка 2018 г. Айцы Синода галоўным чынам разважаюць на тэму дапамогі моладзі ў распазнанні Божага голасу ў жыцці.

Удзельнікі біскупскага сходу звярталі ўвагу на патрэбу з’яднаных і радасных касцёльных супольнасцей, якія разумеюць сваё місійнае заданне, дзе пануе любоў да Евангелля. Закрытасць і стэрэатыпы не дапамагаюць моладзі адчуваць сябе прынятай, жыць у братэрстве і ўзаемнай павазе. Супольнасці павінны быць больш канкрэтнымі, простымі, беднымі і празрыстымі, казалі Айцы Сінода.

Падкрэслівалася, што пакліканне нараджаецца не “ў лабараторыі”, а ў супольнасці. Касцёл, каб быць “палявым шпіталем”, а не “эксклюзіўнай клінікай”, павінен узбагаціцца “сапраўднымі адносінамі”, быць месцам еднасці, быць напоўненым зместам.

Біскупы зазначалі: калі гаворка ідзе пра пакліканне, маецца на ўвазе не толькі святарскае ці манаскае, але і прафесійнае і сямейнае жыццё. Адказаць на пакліканне Бога, значыць імкнуцца да святасці ў розных жыццёвых сітуацыях.

У душпастырстве, паводле ўдзельнікаў Асамблеі, павінен прысутнічаць “прамы” кантакт з моладдзю. Трэба размаўляць з ёй, а не толькі пра яе. Трэба “губляць час з моладдзю”, запальваць сэрцы маладых людзей – вось сутнасць сапраўднага душпастырскага суправаджэння, гаварылася ў Сінадальным зале.

Біскупы казалі пра важнасць выхавання ў моладзі любові да бедных. Касцёл павінен змагацца за сацыяльную справядлівасць, бараніць правы чалавека, умацоўваць культуру жыцця, стымуляваць павагу да навакольнага асяроддзя. Да ўсіх гэтых тэм моладзь мае вялікую ўспрымальнасць.

На Сінодзе размаўлялі пра неабходнасць умацавання ўнутранай свабоды моладзі, каб не паддавалася маніпуляцыям. Стаць свабоднымі, у сваю чаргу, магчыма наследуючы Езуса і Яго запаведзі. Моладзь шукае больш шчырых і паслядоўных душпастыраў, якія ўмеюць жыць Божым словам, клапаціцца пра бедных, дзякуючы сапраўднаму пакліканню і гарачай веры.

Сінадальныя Айцы зноў закраналі тэму сучасных тэхналогій. Адзначалася, што Касцёл павінен прысутнічаць у лічбавай сферы з разважлівасцю. Моладзь шукае адказы на пытанні, але часта ёй прапануецца “тэхнічная” ці “навуковая” інфармацыя, а не любоў, разуменне, эмпатыя, адпаведнае духоўнае кіраўніцтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 кастрычніка 2018, 15:14