Сінод: Дэлегат ад Беларусі ўзяў удзел у "свабодных выступленнях”
5 кастрычніка 2018 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы прайшоў брыфінг, падчас якога былі агучаны апошнія навіны з Асамблеі. Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні пазнаёміў журналістаў са спісам удзельнікаў сходу, якія выступілі падчас трэцяй і чацвёртай кангрэгацыі Сінода.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі браў слова ў ходзе так званых “свабодных выступленняў”, якія праходзілі вечарам 4 кастрычніка. Выказваліся таксама Папа, іншыя Сінадальныя Айцы, аўдытары, спецыяльныя госці і дэлегаты ад іншых Цэркваў.
Удзельнікі Сінода Біскупаў казалі пра важнасць разумення кантэксту, у якім жыве моладзь не толькі ў Еўропе, але і на іншых кантынентах. Паводле іх, моладзь не павінна бачыцца як праблема, але як патэнцыял. Неабходна, аднак, перанесці ўвагу маладых людзей з багаццяў і бесклапотнага жыцця на вечныя каштоўнасці, казалі Сінадальныя Айцы.
У прамовах іерархаў з розных краін свету гаварылася пра важнасць музыкі і спорта ў жыцці моладзі, пра ўспрымальнасць маладых людзей да экалагічных праблем, пра патрэбу ў суправаджэнні моладзі з міласэрнасцю, пра ролю бацькаў у перадачы веры. Падкрэслівалася важнасць раскрыцця каштоўнасці літургіі, патрэба ў гаміліях, здольных заахочваць маладых людзей, неабходнасць у пашырэнні ведаў аб сацыяльным вучэнні Касцёла сярод юнакоў і дзяўчат.
На брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы адзначалася, што ўдзельнікі Сінода лічаць узбагачаючым тое, што яны чуюць у выступленнях падчас Асамблеі.