Пошук

Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў Удзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў 

Першыя навіны з Сінода Біскупаў: шчырасць і рэалізм удзельнікаў

Прамовы, якія прагучалі падчас першай кангрэгацыі Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, характарызаваліся шчырасцю і канкрэтнасцю.

4 кастрычніка 2018 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы прайшоў брыфінг, падчас якога журналістаў пазнаёмілі з ходам XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў у Ватыкане.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Святога Пасаду Паола Руфіні паведаміў, што першым прагучаў даклад Генеральнага рэлятара Сінода, бразільскага кардынала Серджыу да Роша, які нагадаў удзельнікам сходу асноўны змест Працоўнага дакумента (Instrumentum Laboris) Асамблеі. Затым прагучала сведчанне маладой законніцы, якая распавяла пра жаданне дабра, увагі і еднасці, што мае моладзь.

Падчас першай кангрэгацыі выступілі 25 удзельнікаў Сінода. Згодна з рэгламентам, даклады былі кароткімі – яны працягваліся не даўжэй за чатыры хвіліны. Пасля кожных пяці выступленняў у Сінадальным зале наступала некалькі хвілін цішыні для таго, каб прысутныя маглі абдумаць пачутае. Гэта была ідэя папы Францішка.

Удзельнікі Сінода казалі пра важнасць дыялогу паміж Касцёлам і моладдзю; пра праблему адчужэння, з якой сустракаюцца маладыя людзі ў сучасным свеце; пра міграцыю; пра патрэбу ў большай пераканаўчасці Касцёла; пра каханне і сексуальнасць; пра пакліканне, якое разумеецца не толькі як выбар на карысць святарскага ці манаскага жыцця, але як адносіны з Богам; пра сям’ю, як месца перадачы веры; пра сувязь паміж пакаленнямі.

На Сінодзе пануе духоўная атмасфера, вялікая зацікаўленасць з боку ўдзельнікаў, жаданне дзяліцца меркаваннямі, актыўны ўдзел, шчырасць, якая выражаецца ў мужным уздыманні праблемных пытанняў. Яшчэ адна характэрная рыса першых выступленняў – канкрэтнасць і рэалізм.

Падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы было падкрэслена, што маладыя людзі, якія прысутнічаюць на Асамблеі, неаднаразова віталі тое, аб чым казалі дакладчыкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 кастрычніка 2018, 14:36