Cerca

Vatican News
Герб Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Герб Арганізацыі Аб'яднаных Нацый  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН нагадаў сваю пазіцыю па смяротным пакаранні

Смяротнае пакаранне недапушчальнае пры наяўнасці іншых сродкаў, з дапамогай якіх законныя ўлады могуць гарантаваць бяспеку і супольнае дабро, падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі звярнуўся да ўдзельнікаў 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН на спецыяльным пасяджэнні ў Нью-Ёрку, прысвечаным праблеме смяротнага пакарання.

Іерарх нагадаў, што на працягу мінулага стагоддзя Святы Пасад заўсёды стымуляваў краіны да адмены так званай вышэйшай меры пакарання, а ў “апошнія дзесяцігоддзі яго пазіцыя была сфармулявана больш выразна”. Гэта звязана з тым, што адмова ад смяротнага пакарання была ўключана ў маральны кантэкст, “спалучаны з абаронай недатыкальнай годнасці чалавека і роллю законных уладаў у справядлівай абароне супольнага дабра грамадства”.

Спасылаючыся на вучэнне св. Яна Паўла ІІ, ватыканскі дыпламат зазначыў, што сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні сучасных дзяржаў, “дастаткова, каб абараніць чалавечае жыццё ад агрэсара і ахоўваць грамадскі парадак і бяспеку людзей” не ўжываючы смяротнага пакарання. Гэтыя сродкі “лепш адпавядаюць канкрэтным патрабаванням супольнага дабра і больш адпаведныя годнасці чалавечай асобы”, дадаў ён.

Арцыбіскуп Галахер спаслаўся на вучэнне Францішка на тэму прыярытэту чалавечага жыцця і годнасці асобы. Папа ўказаў на гэты прынцып, як на кіруючы ў заканадаўчай і судовай дзейнасці дзяржаўных органаў, звяртаў увагу на “магчымасць судовай памылкі і выкарыстанне смяротнага пакарання таталітарнымі і дыктатарскімі рэжымамі ў якасці інструменту для падаўлення палітычнага дысідэнцтва і пераследу рэлігійных і культурных меншасцяў”.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі нагадаў, што новая папраўка ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла гаворыць аб недапушчальнасці смяротнага пакарання, паколькі яно парушае недатыкальнасць і годнасць чалавека.

Паўсюдная адмена смяротнага пакарання можа стаць мужным пацвярджэннем перакананасці ў тым, што чалавецтва здольнае эфектыўна адказваць на злачынствы, не трапляючы ў роспач перад абліччам злачынстваў і даючы тым, хто іх здзяйсняе магчымасць змяніцца, выказаў пазіцыю Святога Пасаду перад удзельнікамі Генеральнай асамблеі ААН арцыбіскуп Галахер.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 верасня 2018, 11:30