Cerca

Vatican News
Флаг Святога Пасаду Флаг Святога Пасаду 

Святы Пасад у ААН: будаваць мір, а не яго ілюзію

Свет не стаў больш бяспечным з ядзернай зброяй, цалкам наадварот, падкрэсліў сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Палітыка, якая абапіраецца на валоданні ядзернай зброяй супярэчыць духу і мэтам ААН, таму што ядзерная зброя не можа стварыць для нас стабільнага і бяспечнага свету, паколькі мір і міжнародная стабільнасць не могуць быць заснаваныя на гарантаваным узаемным знішчэнні ці на пагрозе поўнага знішчэння, агучыў ватыканскую пазіцыю арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Наступствы ядзернай зброі прадказальныя і жудасныя, а ахвяры яе выкарыстання па-ранейшаму прымушаюць нас прызнаць, што поўная ліквідацыя гэтага віду ўзбраення з’яўляецца не толькі пытаннем бяспекі, але і маральным, гуманітарным і экалагічным імператывам, звярнуў увагу дыпламат.

Арцыбіскуп Галахер з жалем заўважыў, што ў апошні час адсутнічае прагрэс у галіне ядзернага раззбраення, а некаторыя дзяржавы развіваюць магчымасці стварэння такой зброі.

Толькі праз давер можа быць усталяваны сапраўдны і трывалы мір паміж народамі, выключна давер можа вярнуць нас на шлях канструктыўнага дыялогу і перамоў па будаванні свету, вольнага ад ядзернай зброі, падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў працаваць на карысць сапраўднага міру, а не яго ілюзіі, паколькі імкненне да бяспекі і стабільнасці з’яўляецца адным з самых глыбокіх памкненняў чалавечага сэрца.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 верасня 2018, 15:08