Cerca

Vatican News
Базыліка св. Пятра ў Ватыкане Базыліка св. Пятра ў Ватыкане 

“L’Osservatore Romano” пра пасланне Папы да католікаў у Кітаі

Пасланне Папы да католікаў у Кітаі і Паўсюднага Касцёла пацвярджае гістарычнае значэнне дамовы паміж Святым Пасадам і КНР па прызначэнні біскупаў, лічыць галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano”.

Прафесар Джавані Марыя Віян заўважыў, што пасланне Пантыфіка, простае і адначасова ўрачыстае, тлумачыць мэту дамовы, падпісанай у Пекіне, якая заключаецца ў “падтрымцы і спрыянні абвяшчэнню Евангелля”, а таксама ў “дасягненні і захаванні поўнай бачнай еднасці каталіцкай супольнасці ў Кітаі”.

“Гэта пацвярджае, што Касцёл існуе, каб сведчыць і абвяшчаць збаўленне, прынесенае Хрыстом, і што гэтая місія становіцца больш пераканаўчай, калі спаўняецца ў поўнай еднасці”, - заўважыў галоўны рэдактар ватыканскай газеты.

Паводле яго, спасылкі на Святое Пісанне, якія ўтрымліваюцца ў папскім пасланні, выразна дэманструюць яго духоўнае значэнне. Святло маленькага статку, які сфарміраваўся ў азіяцкай краіне, павінна заззяць перад людзьмі, каб убачылі Яго добрыя справы і праславілі Бога. Гаворка ідзе пра сведчанне, да якога пакліканы Касцёл, у тым ліку ў Кітаі, падкрэсліў журналіст.

Віян заўважыў, што Часовае пагадненне “ўпершыню ўводзіць стабільныя элементы супрацоўніцтва” паміж кітайскімі ўладамі і Апостальскай Сталіцай. Яго мэта заключаецца ў тым, каб разам з мясцовым Касцёлам шукаць добрых кандыдатаў для біскупскага служэння, якія не павінны быць “службовымі асобамі для кіравання рэлігійнымі справамі”.

Галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano” зазначыў, што дамова паміж Святым Пасадам і Кітаем была адной з галоўных тэм прэс-канферэнцыі Папы падчас яго пералёту з Таліна ў Рым. Ён падкрэсліў, што Францішак высока ацаніў значэнне дыялогу з Кітаем і падзякаваў прадстаўнікам Святога Пасаду, якія яго вялі, але ў першую чаргу адзначыў веру і сведчанне саміх кітайскіх католікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 верасня 2018, 15:04