Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: тэхналогіі павінны спрыяць больш адказнаму турызму

Прагрэс у турыстычнай сферы павінен садзейнічаць устойліваму і адказнаму развіццю, падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека скіраваў пасланне з нагоды Сусветнага дня турызму – міжнароднага свята, якое штогадова адзначаецца 27 верасня па ініцыятыве Сусветнай турыстычнай арганізацыі. Сёлетні дэвіз – “Турызм і лічбавая трансфармацыя”.

Кардынал Тарксан заўважыў, што лічбавыя інавацыі “радыкальна змянілі наш спосаб правядзення вольнага часу і адпачынку, мабільнасць і турызм у яго розных формах”. Новыя тэхналогіі ўплываюць на міжасабовыя адносіны, працоўную дзейнасць, камунікацыю, бо пастаянна пашыраюць сувязі і дазваляюць абменьвацца інфармацыяй, дзяліцца ідэямі і поглядамі.

“Апошнія тэндэнцыі паказваюць, што 50% лічбавых падарожнікаў чэрпае запал і натхненне, аглядаючы фотаздымкі і чытаючы каментары ў інтэрнэце, а 70% – праглядае відэаматэрыялы і слухае парады іншых падарожнікаў, перш чым прыняць рашэнне”, - напісаў ватыканскі прэфект.

Па словах іерарха, сектар міжнароднага турызму – які ў мінулым годзе павялічыўся на 7%, – у бліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе пашырацца. Таму нельга недаацэньваць патрэбы ў “турыстычнай устойлівасці”, бо на некаторых, найбольш папулярных турыстычных напрамках, ужо назіраюцца негатыўныя наступствы, супрацьлеглыя здароваму і справядліваму турызму.

“Касцёл заўсёды надзяляў асаблівай увагай душпастырскую працу ў сферы турызму, правядзення вольнага часу і адпачынку, што спрыяюць аднаўленню і ўмацаванню сямейных і міжасабовых сувязяў, духоўнаму ўздыму і захапленню прыгажосцю стварэння”, - напісаў кардынал Тарксан.

На думку кардынала Тарксана, выкарыстанне лічбавых тэхналогій можа ўдасканальваць паслугі і развіваць пачуццё адказнасці за “супольны дом”, ствараючы новыя і крэатыўныя формы для збору смецця, перапрацоўкі і паўторнага выкарыстання сыравіны, што дапаможа абароне навакольнага асяроддзя.

Прэфект Дыкастэрыі звярнуў увагу на праблему злоўжывання персанальнымі дадзенымі людзей у камерцыйных і прапагандысцкіх мэтах, а таксама дзеля маніпуліравання іх рашэннямі.

Канчатковай мэтай павінна быць не стымуляванне турызму з дапамогай новых лічбавых тэхналогій, а “прагрэсіўнае выкарыстанне тэхналогій”, якое суправаджаецца “ўмацаваннем свядомасці людзей і супольнасці адносна паважлівага выкарыстання асяроддзя на карысць устойлівага развіцця”, - напісаў кардынал Тарксан.

У заключнай частцы свайго дакумента ватыканскі іерарх звярнуўся да моладзі, заклікаючы ў “лічбавым жыцці” не аддзяляць “паводзін у анлайн ад паводзін у офлайн”, а таксама не паддавацца “віртуальнай хлусні, якая скажае ўспрыманне рэальнасці і самога сябе”.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 жніўня 2018, 14:45