Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі кардынал пра чаканні ад Сусветнай сустрэчы сем’яў

Хто можа быць лепшым сведкам прыгажосці сямейнага жыцця, чым самі сем’і? Такое рытарычнае пытанне задаў кардынал Джозэф Фарэл, напярэдадні Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне.

У інтэрв’ю агенцтву “SIR” прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця падкрэсліў, што чаканняў ад форума існуе шмат, але галоўнай мэтай ён бачыць развіццё душпастырства сем’яў, якое было шырока акрэслена ў Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”.

“[Мы жывем у кантэксце абвостранага індывідуалізма, які пагражае прыцямненнем прыгажосці сужэнства і сям’і. Душпастырскія схемы і метады мінулага здаецца больш не функцыянуюць перад абліччам глыбокіх сацыяльных змен]”

,- сказаў іерарх

“У гэтай, абсалютна новай і часта дэстабілізуючай сітуацыі, мы адчуваем абавязак рыхтаваць пары да сужэнства і суправаджаць іх больш актыўна і пастаянна праз сапраўдны “катэхуменат”, згодна з трапным выразам папы Францішка”, - дадаў ён.

Кардынал заўважыў, што гаворка не ідзе проста пра арганізацыю курсаў падрыхтоўкі да сужэнства: пытанне больш глыбокае і тычыцца суправаджэння, у тым ліку на працягу першых гадоў сужэнства, мужчын і жанчын, якія вырашылі стварыць сям’ю.

“У мінулым гэтае далікатнае і цудоўнае заданне было даручана сем’ям, больш шырокім ячэйкам, якія ўяўлялі сабой пэўную сетку падтрымкі, што сёння знікла па прычыне аслаблення сувязяў ці проста аб’ектыўных цяжкасцяў, якія ўзнікаюць, напрыклад, калі дзеці, з-за працы, вымушаны жыць далёка ад месца свайго паходжання”, - сказаў іерарх.

Паводле кардынала-прэфекта, Сусветная сустрэча сем’яў – гэта цудоўная нагода, каб каталіцкія сем’і маглі прадэманстраваць сваю веру і засведчыць перад усім светам аб радасці жыцця Евангеллем.

“[Мы жадаем, каб дзякуючы Сусветнай сустрэчы, сем’і маглі набыць больш моцнае ўсведамленне свайго паклікання, а таксама сведчыць аб радасці перад светам, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якімі непазбежна пазначаны шлях]”

,- сказаў іерарх

Мы перакананы, што калі паглядзім у люстэрка і будзем дзяліцца з іншымі сем’ямі гэтым пакліканнем да радасці, падорым усім больш сямейны лад жыцця, згодна з самай аўтэнтычнай сутнасцю хрысціянства”, - дадаў ён.

ІХ Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе з 21 па 26 жніўня 2018 г. з удзелам Святога Айца Францішка ў ірландскім Дубліне пад дэвізам “Евангелле сям’і – радасць для свету”. У ёй прымуць удзел сем’і з 116 краін свету, у тым ліку каля 6 тыс. дзяцей і 7 тыс. валанцёраў.

Чакаецца, што 85 тыс. чалавек прыме ўдзел ў Свяце сям’яў са Святым Айцом, якое пройдзе ў рамках форума, а ў заключнай св. Імшы з Францішкам – каля 500 тыс. Акрамя таго, 37 тыс. чалавек зарэгістраваліся для ўдзелу ў трохдзённым кангрэсе, які адбудзецца ў рамках форума 22-24 жніўня, і падчас якога выступяць каля 200 дакладчыкаў.

14 жніўня 2018, 11:29