Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі іерарх: расце цікавасць да старажытнай літургіі

Сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei” адзначыў, што пасля 10 гадоў ад публікацыі дакумента “Summorum Pontificum” Бэнэдыкта XVI прыкметна павялічылася цікавасць да старажытнай літургіі.

Павышэнне цікавасці да надзвычайнай формы Рымскага абраду з’яўляецца прыкметай росту ўсяго Касцёла і вынікам адкрытасці многіх біскупаў адносна вернікаў, сказаў у інтэрв’ю “KAI” сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, арцыбіскуп Гвіда Поца.

Іерарх адзначыў, што пасля 10 гадоў ад публікацыі дакумента “Summorum Pontificum” Бэнэдыкта XVI прыкметна павялічылася цікавасць да старажытнай літургіі і ўзрасла колькасць запытаў на цэлебрацыю ў старой форме Рымскага абраду. Вядома, ёсць некаторыя цяжкасці, якія ўзнікаюць з практычных пытанняў, напрыклад, недахопу духавенства, што можа служыць такую літургію.

“[Абедзве формы Рымскага абраду адрозніваюцца адна ад адной, і гэтага ніхто не можа адмаўляць, але ў канчатковым рахунку гэтыя адрозненні не маюць прынцыповага характару]”

, - сказаў арцыбіскуп Поца.

Іерарх заўважыў, што існуюць праблемы, якія ўзнікаюць і з прычыны “ідэалагічных забабонаў” і “няправільнага разумення літургічнай рэформы”: некаторыя разглядаюць яе ў якасці разрыву з папярэдняй традыцыяй. Таму вернікаў, якія просяць аб цэлебрацыі сакрамэнтаў паводле надзвычайнай формы Рымскага абраду, часта лічаць непаслухмянымі Другому Ватыканскаму Сабору. Хоць на самой справе Сабор адбыўся ў поўнай пераемнасці з традыцыяй і таму менавіта так варта разумець літургічную рэформу. Па гэтай прычыне, абедзве формы рымскага абраду – звычайная і надзвычайная – павінны суіснаваць і ўзбагачаць адна адну.

“Традыцыйны рух”, як акрэсліў яго сакратар Папскай камісіі, яшчэ толькі нараджаецца. У ім можна ўбачыць шмат маладых людзей, сем’і з вялікай колькасцю дзяцей, якія ў “старым” абрадзе адкрываюць для сябе “сакрум”, святасць, звышнатуральны дух. Іерарх не бачыць у гэтым асяроддзі праблем, звязаных з нейкай дыстанцыраванасцю або размоў аб несапраўднасці новай формы Рымскага абраду. Ён лічыць, што гэта абавязак біскупа і святара – выхаваць у верніку правільнае разуменне Рымскага абраду ў абедзьвух яго формах.

Папская камісія “Ecclesia Dei” з’яўляецца ўстановай Святога Пасаду, якая займаецца клопатам аб католіках, што практыкуюць класічную форму Рымскага абраду і іншыя традыцыйныя лацінскія літургічныя абрады.

25 ліпеня 2018, 15:01